У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Трухановіч. Сяржу́к Трухано́віч (нарадзіўся 16 лютага 1971 года) — беларускі гітарыст, удзельнік гуртоў Крама і Палац.
Нарадзіўся 16 лютага 1971 года ў Мінску. Ствараць першыя п’есы ды песні пачаў ва ўзросце 10 гадоў. Скончыў ДПТВ-148 па спецыяльнасці чырвонадрэўшчык у 1989 годзе. Падчас навучання пачаў займацца гітарай. У 2003 годзе скончыў БДУК як артыст эстрады і выкладчык па класе гітары Уладзіміра Вугольніка. Выступаў у складзе розных самадзейных калектываў і ВІА. У сярэдзіне 80-х сабраў сваю першую групу «Азарт», потым граў у складзе хард-рокавай групы «Каменный дождь» (пазней — «Рокіс»). У 1991 годзе ўвайшоў у групу Крама, у сярэдзіне 90-х заснаваў уласны праект — групу Sam Gray, якая выконвала музыку ў стылі кантры-рок і была адзначана першай прэміяй конкурсу альтэрнатыўнай музыкі «Саступі дарогу!» Фонду Сораса-Беларусь (1996). Пасля гэтага непрацяглы час выступаў як гітарыст ансамбля Сябры, браў удзел у маскоўскім праекце «А. Олейников и друзья». Ад 2002 года сумяшчае выступленні ў складзе Крамы і Палаца.