wd wp Пошук:

Сяргей Бульба

Сяргей Бульба[1], імя па нараджэнні Сяргей Чыслаў (нар. 15 красавіка 1967, Мінск, БССР) — беларускі палітычны дзеяч[2], прадпрымальнік, былы старшыня Белага легіёну[3].

Біяграфія

Вучыўся ў сярэдняй школе № 50 у Мінску. У 1984—1989 гадах навучаўся ў Мінскім вышэйшым інжынерным зенітна-ракетным вучылішчы. Пасля вучобы размеркаваны ў Чыцінскую вобласць Забайкальскай вайсковай акругі ў вайсковую часць каля кітайскай мяжы. У пераводзе на службу ў БССР было адмоўлена.

Вярнуўся ў Беларусь у 1991 годзе, працаваў старэйшым адміністратарам беларускамоўнага ліцэя, таксама быў намеснікам кіраўніка «Выбранецкіх Шыхтоў».

Жыве ва Украіне, мае бізнес у IT-сферы.

Жанаты, мае сыноў Кастуся і Багдана.

Дзейнасць

У 1988 годзе ў Мінскім вышэйшым інжынерным зенітна-ракетным вучылішчы стварыў патрыятычную суполку курсантаў V курсу, якая займалася гістарычна-асветніцкай дзейнасцю. У сваім асяродку яны называлі сябе «Рух-63», як нашчадкі Кастуся Каліноўскага. Штуршком да стварэння першай беларускай нацыянальнай арганізацыі вайскоўцаў сталі падзеі кастрычніка 1988 года, калі ў Мінску быў жорстка разагнаны жалобны мітынг на Дзяды. Суполка сабрала каля 300 подпісаў за дзяржаўнасць беларускай мовы. З красавіка 1989 года арганізацыя стала называцца «Вольнае згуртаванне вайскоўцаў». Заснавальнікаў арганізацыі раскідалі па гарнізонах, а найбольш актыўных — Сяргея Бульбу (Чыслава) і Вадзіма Малюшыцкага — размеркавалі ў Чыцінскую вобласць.

У 1989 годзе быў адным з двух дзейных афіцэраў — заснавальнікаў БНФ.[4]

У 1990 годзе вылучаны асабовым складам (салдатамі) кандыдатам на выбары ў Вярхоўны Савет СССР, але заблакаваны рашэннем палітаддзела. Пасля гэтага напісаў рапарт на звальненне і звольнены па скарачэнні кадраў.

Быў адным са стваральнікаў Беларускага згуртавання вайскоўцаў, выконваў абавязкі адказнага і прэсавага сакратара Згуртавання. У сярэдзіне 1990-х гадоў заняўся фармаваннем маладзёжнай структуры Згуртавання. Ва усіх рэгіёнах Беларусі на базе Беларускага згуртавання вайскоўцаў былі створаны структуры ДРАБаў (Дружыны рэгіянальнай аховы і бяспекі. На базе «Чорных драбаў» узнік «Белы легіён».[5]

У 1995 годзе Сяргей Бульба ўзначаліў Белы легіён[6][7].

Двойчы (2003 і 2008) ўдзельнічаў у выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.[8][9]

Пасля 2003 года актыўнай палітычнай дзейнасцю не займаўся[10], да 2008 года займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю ў Беларусі.

Пасля 2008 года ў Беларусі быў рэдка, жыў у Непале, Індыі, Тыбеце, Лацінскай Амерыцы. У 2012 годзе афіцыйна змяніў прозвішча з Чыслаў на Бульба.[11][12]

У 2013 годзе разам з сям’ёй перабраўся на сталае жыхарства ва Украіну.

Пераслед за палітычную дзейнасць

Восенню 1996 года невядомымі спецслужбамі рэжыму Лукашэнкі вывезены ў лес каля Слуцка, перажыў клінічную смерць і тры тыдні правёў у шпіталі.[13]

7 ліпеня 2008 года былых кіраўнікоў «Белага легіёна» — Ігара Корсака, Міраслава Лазоўскага і Сяргея Бульбу (Чыслава) затрымалі па справе выбуху 3 ліпеня 2008 года, абвінавацілі па арт. 339 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (хуліганства), неўзабаве вызвалілі з-пад варты.[14]

Бібліяграфія

У сааўтарстве са Станіславам Суднікам выдаў «Руска-Беларускі вайсковы слоўнік».[15][16]

Зноскі

  1. Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў: нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
  2. Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
  3. Сяргей Чыслаў: «Белы легіён» — гэта не арганізацыя, гэта стан душы
  4. З савецкіх падводнікаў у беларускія пісьменьнікі. Гісторыя Паўла Ляхновіча
  5. Белы легіён — праўда й міты(недаступная спасылка)
  6. Ствараецца «Белы легіён» Архівавана 24 ліпеня 2017.
  7. «На нас Караткевіч паўплываў» — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
  8. КОЛЬКАСЬЦЬ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ВЫБАРЧЫЯ МАНДАТЫ СКАРАЧАЕЦЦА ШТОДНЯ
  9. Кадыдат зьняты з выбараў за паказ фільмаў
  10. Заснавальнік «Белага легіёна»: Пагроза для Беларусі з боку Расіі змяншаецца Архівавана 22 кастрычніка 2020.
  11. Сяргей Чыслаў: Нашай уладзе трэба звярнуцца да здаровага патрыятызму
  12. Стваральнік «Белага легіёну» Сяргей Чыслаў патлумачыў, чаму змяніў прозвішча на Бульба Архівавана 19 красавіка 2017.
  13. Лідар «Белага легіёну»: Я перажыў клінічную смерць
  14. «Белы легіён» не існуе, але цікавіць сьледзтва
  15. Беларуская вайсковая тэрміналёгія: «Крокам руш!» Архівавана 3 мая 2017.
  16. Як і хто распрацоўваў беларускую вайсковую тэрміналёгію? (+слоўнічак)
Тэмы гэтай старонкі (7):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1967 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мінску
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 красавіка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі