wd wp Пошук:

Стэфан Варшаўскі

Стэфан Варшаўскі (англ.: Stefan Warschawski; 18 красавіка 1904, Ліда, Віленская губерня, Расійская імперыя — 5 траўня 1989) — амерыканскі матэматык, прафесар.

Біяграфія

Нарадзіўся 18 красавіка 1904 года ў Лідзе ў сям’і доктара, маці была немкаю. У 1915 годзе, калі ў горад увайшлі нямецкія войскі, сям’я пераехала ў Кёнігсберг, дзе жылі матчыны бацькі. Тут Стэфан Варшаўскі вучыўся ў гімназіі, якую скончыў у 1924 годзе, затым пайшоў у Кёнігсбергскі ўніверсітэт. Аднак пасля двух гадоў навучання студэнт перавёўся ў Гётынген, дзе меркаваў рабіць свой дактарат. Кіраваць доктарскай Варшаўскага прызначылі прыват-дацэнта Аляксандра Астроўскага, ураджэнца Кіева. Яны пасябравалі, і калі Астроўскаму прапанавалі прафесарства ў Базельскім універсітэце, ягоны дактарант паехаў разам з ім. У Базелі Стэфан і скончыў сваю працу, якая атрымала ўзнагароду, а з ёю аўтар — пазіцыю выкладчыка ў Гётынгене. Так Варшаўскі ў 1930 годзе вярнуўся ў Ніжнюю Саксонію і пачаў выкладаць у Гётынгенскім універсітэце.

У 1933 годзе быў прыняты закон аб звальненні ўсіх выкладчыкаў-габрэяў з вышэйшых навучальных установаў, гэта датычылася і тых, хто не быў сапраўдным арыйцам, — народжаных у мяшаных сем’ях. Стэфан Варшаўскі зразумеў, што ў Германіі яму не зрабіць кар’еру матэматыка, дый невядома, ці захаваеш жыццё. Ён пачаў шукаць працу ў замежжы. З дапамогаю калегі на год уладкаваўся ва Утрэхцкі ўніверсітэт у Нідэрландах, а пасля атрымаў прапанову прыехаць у Калумбійскі ўніверсітэт у Нью-Ёрк. Нягледзячы на паспяховыя публікацыі ў прэстыжным прафесійным часопісе «Transactions of the American Mathematical Society», доўгі час мусіў абмяжоўвацца часовымі работамі, чытаючы лекцыі на замену. Толькі ў 1939 годзе здолеў атрымаць сталае месца на кафедры Вашынгтонскага ўніверсітэта ў Сэнт-Луісе, штат Місуры. Пасля вайны, у 1947 годзе, Стэфан Варшаўскі перабраўся на працу ва ўніверсітэт Мінесоты. Тут ён спаткаў сваю будучую жонку — Ільзу Каўзер.

У 1952 годзе Стэфан Варшаўскі быў прызначаны старшынём матэматычнага дэпартамента Інстытута тэхналогіі ўніверсітэта Мінесоты. У 1963 ён з сям’ёй пераехаў у Сан-Дыега, дзе ў мясцовым універсітэце таксама ўзначаліў матэматычны дэпартамент. На гэтай пасадзе ён працаваў да 1967, шмат спрычыніўшыся да развіцця навучальнай установы, калі праз стан здароўя мусіў адмовіцца ад кіравання, пакінуўшы сабе толькі лекцыі.

Стэфан Варшаўскі сышоў на пенсію ў 1971 годзе, але працягваў чытаць свае курсы. У гэтым самым годзе ён быў ганараваны як прафесар-эмерыт (Emeritus Professor). У 1978 годзе ў інстытуце ў Каліфарнійскім універсітэце ў Сан-Дыега, была створана пасада асістэнта прафесара імя Стэфана Варшаўскага. Яна прызначалася для маладых дактароў. У прафесара Варшаўскага было 19 дактарантаў, а амаль траціну сваіх навуковых даследаванняў ён напісаў і апублікаваў пасля выхаду на пенсію.

Стэфан Варшаўскі памёр 5 траўня 1989 года.

Ушанаванне памяці

Яго імем названая тэарэма Нашыра-Варшаўскага, якую аўтары вынайшлі яе незалежна адзін ад аднаго.

У 1999-2000 гг. ва ўніверсітэце Сан-Дыега была прысуджана стыпендыя імя Стэфана Варшаўскага.

Зноскі

  1. 1 2 MacTutor History of Mathematics archive Праверана 22 жніўня 2017.
  2. Find a Grave — 1995.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 MacTutor History of Mathematics archive
  4. (unspecified title) Праверана 3 ліпеня 2019.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (19):
Катэгорыя·Вучоныя паводле алфавіта
Катэгорыя·Выкладчыкі Гётынгенскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Выкладчыкі Утрэхцкага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1904 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі Базельскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Нарадзіліся 18 красавіка
Катэгорыя·Артыкулы пра вучоных без партрэтаў
Катэгорыя·Памерлі ў Сан-Дыега
Катэгорыя·Выпускнікі Гётынгенскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі 5 мая
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Кёнігсбергскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Выкладчыкі Мінесоцкага ўніверсітэта
Катэгорыя·Пахаваныя ў Каліфорніі
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Памерлі ў 1989 годзе
Катэгорыя·Матэматыкі ЗША
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Лідзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных