Стэван Ра́ічкавіч (сербск.: Stevan Raičković; 5 ліпеня 1928, Перасніце, Сербія — 6 мая 2007) — сербскі пісьменнік, перакладчык. Правадзейны член Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1981).
Скончыў Бялградскі ўніверсітэт (1952). Працаваў на радыё, у 1959—1981 гадах у выдавецтве «Асвета».
Друкуецца з 1945 года. Найбольш вядомы як паэт-лірык (зборнікі «Дзяцінства!», 1950, «Песня цішыні», 1952, «Балада пра адвячорак», 1955, «Каменная калыханка», 1963, «Запісы пра чорнага Уладзіміра», 1971, «Кола для катавання», 1981 і інш.). Аўтар паэмы «Выпадковыя мемуары» (1978), кніг эсэ «Нататкі пра паэзію» (1978), «Інтымныя карты» (1985). Піша для дзяцей, перакладае на сербскахарвацкую мову беларускіх, англійскіх, італьянскіх, рускіх, украінскіх паэтаў. Укладальнік анталогіі «Славянскія рыфмы» (1976), у якой змешчаны ў яго перакладзе 5 вершаў Янкі Купалы.
На беларускую мову асобныя вершы Стэвана Раічкавіча пераклаў Ніл Гілевіч.