wd wp Пошук:

Сонечная ўспышка

Сонечная ўспышка, фатаграфія спадарожніка Hinode. Назіраецца як дзве вузкія, яркія структуры каля паўднёвай часткі сонечнай плямы.

Сонечная ўспышка — выбуховы працэс выдзялення энергіі (светлавой, цеплавой і кінетычнай) у атмасферы Сонца. Успышкі так ці інакш ахопліваюць усе слаі сонечнай атмасферы: фотасферу, храмасферу і карону Сонца. Неабходна адзначыць, што сонечныя ўспышкі і каранальныя выкіды масы з’яўляюцца рознымі і незалежнымі з’явамі сонечнай актыўнасці.

Працягласць імпульснай фазы сонечных выбліскаў звычайна не перавышае некалькіх хвілін, а колькасць энергіі, што вызваляюцца за гэты час, можа дасягаць мільярдаў мегатон у трацілавым эквіваленце. Энергію ўспышкі традыцыйна вызначаюць у бачным дыяпазоне электрамагнітных хваль па здабытку плошчы святлення ў лініі выпраменьвання вадароду Нα, якая характарызуе нагрэў ніжняй храмасферы, на яркасць гэтага свячэння, звязаную з магутнасцю крыніцы.

У апошнія гады часта выкарыстаюць таксама класіфікацыю, заснаваную на патрульных аднародных вымярэннях на серыі ІСВ, галоўным чынам GOES[1], амплітуды цеплавога рэнтгенаўскага ўсплёску ў дыяпазоне энергій 0,5-10 кэВ (з даўжынёй хвалі 0,5—8 ангстрэм)). Класіфікацыя была прапанаваная ў 1970 годзе Д.Бейкерам і першапачаткова грунтавалася на вымярэннях спадарожнікаў «Solrad»[2]. Па гэтай класіфікацыі сонечнай ўспышкі прысвойваецца бал — абазначэнне з лацінскай літары і індэкса за ёй. Літарай можа быць A, B, C, M або X у залежнасці ад велічыні дасягнутага выбліскам піка інтэнсіўнасці рэнтгенаўскага выпраменьвання[3]:

ЛітараІнтэнсіўнасць у піку (Вт/м2)
Aменей 10−7
Bад 1,0×10−7 да 10−6
Cад 1,0×10−6 да 10−5
Mаж 1,0×10−5 да 10−4
Xболей 10−4

Індэкс удакладняе значэнне інтэнсіўнасці ўспышкі і можа быць ад 1,0 да 9,9 для літар A, B, C, M і больш — для літары X. Так, напрыклад, ўспышка 12 лютага 2010 года бала M8.3 адпавядае пікавай інтэнсіўнасці 8,3×10−5 Вт/м2. Самай магутнай (станам на 2010 год) зарэгістраванай з 1976 года[4] успышкай, якая адбылася 4 лістапад 2003, быў прысвоены бал X28[5], такім чынам, інтэнсіўнасць яе рэнтгенаўскага выпраменьвання ў піку складала 28×10−4 Вт/м2. Варта заўважыць, што рэгістрацыя рэнтгенаўскага выпраменьвання Сонца, так як яно цалкам паглынаецца атмасферай Зямлі, стала магчымай пачынаючы з першага запуску касмічнага апарата «Спадарожнік-2» з адпаведнай апаратурай[6], таму дадзеныя пра інтэнсіўнасць рэнтгенаўскага выпраменьвання сонечных успышак да 1957 года цалкам адсутнічаюць.

Вымярэнні ў розных дыяпазонах даўжынь хваль адлюстроўваюць розныя працэсы ва ўспышках. Таму карэляцыя паміж двума індэксамі ўспышкавай актыўнасці існуе толькі ў статыстычным сэнсе, так для асобных падзей адзін індэкс можа быць высокім, а другі нізкім і наадварот.

Сонечныя ўспышкі, як правіла, адбываюцца ў месцах ўзаемадзеяння сонечных плям процілеглай магнітнай палярнасці ці, больш дакладна, паблізу нейтральнай лініі магнітнага поля, якая падзяляе вобласці паўночнай і паўднёвай палярнасці. Частата і магутнасць сонечных выбліскаў залежаць ад фазы 11-гадовага сонечнага цыклу.

Наступствы

Сонечныя ўспышкі маюць прыкладное значэнне, напрыклад, пры даследаванні элементнага складу паверхні нябеснага цела з разрэджанай атмасферай або пры яе адсутнасці, выступаючы ў ролі ўзбуджальніка рэнтгенаўскага выпраменьвання для рэнтгенафлуарэсцэнтных спектрометраў, устаноўленых на борце касмічных апаратаў.

Зноскі

  1. Энциклопедия Солнца — Солнечные вспышки Архівавана 1 красавіка 2008.
  2. Priest, Eric Ronald (1981). “Flare classification”. Solar flare magnetohydrodynamics. Gordon and Breach Science Publishers. pp. 51. ISBN 0677055307. http://books.google.com/books?id=u58OAAAAQAAJ&lpg=PA51&dq=&pg=PA51#v=onepage&q&f=false.
  3. Класіфікацыя ўспышак (англ.)
  4. Самыя магутныя зарэгістраваныя сонечныя ўспышкі (англ.)
  5. Dorman, Lev I. (2010). “Solar Neutron Event on 4 November, 2003”. Solar Neutrons and Related Phenomena. Springer. pp. 310. ISBN 9789048137367. http://books.google.com/books?id=vYDvTcOkFm4C&lpg=PA310&dq=&pg=PA310#v=onepage&q&f=false.
  6. Эксперимент на втором искусственном спутнике Земли (Спутник-2) Архівавана 13 кастрычніка 2014.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Катэгорыя·Сонечная актыўнасць