wd wp Пошук:

Слуцкая ратуша

Слуцкая ратуша — колішняя ратуша ў горадзе Слуцку Мінскай вобласці.

Гісторыя

Першая ратуша

Першы раз Слуцк атрымаў Магдэбургскага права ў 1441 годзе пры князі Аляксандры Уладзіміравічы. На пачатку XVI стагоддзя ў сувязі з разбурэннямі, выкліканымі нападамі на горад крымскіх татар, яно было скасавана. Якой была і ў якім месцы размяшчалася ратуша невядома.

Другая ратуша

У 1652 годзе, калі гаспадаром Слуцкага княства быў Багуслаў Радзівіл, Магдэбургскае права было адноўлена. У хуткім часе была пабудавана ратуша. Стаяла яна ў Старым горадзе непадалёку ад гандлёвай плошчы на правым баку вуліцы Віленскай.

Будынак ратушы быў драўляны, прамавугольны ў плане, трохпавярховы, пакрыты высокім двухсхільным дахам. Да сярэдзіны павёрнутага да вуліцы падоўжнага фасада рызалітам прымыкала трох’ярусная вежа. Два яе ніжнія ярусы – чацверыкі, трэці, на ўзроўні трэцяга паверха, – васьмярык, завершаны шлемападобным купалам з вежачкай-альтанкай. Сцены ніжніх паверхаў будынка былі рубленымі, трэці меў фахверкавыя (каркасныя) канструкцыі. Яруснасць будынка падкрэслівалі рытмічныя гарызанталі праходзячых па перыметры міжпавярховых паяскоў-стрэшкаў. Адметная рыса слуцкай ратушы – вялікая колькасць памяшканняў, у якіх размяшчаліся канцылярыя, архіў, казна, важніца, склады, зала пасяджэнняў магістрата, суда і іншыя.

У архітэктуры пабудовы спалучаліся рысы традыцыйнага народнага драўлянага дойлідства і стылю барока. А прысутнасць фахверка гаворыць і аб выкарыстанні заходнееўрапейскай будаўнічай традыцыі.

Зыходзячы з малюнкаў радзівілаўскага архіва, можна ацаніць архітэктурна-мастацкія асаблівасці будынка, у першую чаргу галоўнага фасада. Ніжні паверх праразаўся сіметрычна размешчанымі адносна вежы прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Другі ўяўляў суцэльную, без аконных праёмаў, сцяну, своеасаблівым акцэнтам якой былі тры аконныя праёмы вежы, сярэдні з якіх быў большым і ўяўляў, верагодна, выхад на балкон. Дэкаратыўная насычанасць трэцяга паверха рашалася рытмам аконных праёмаў і геаметрычнай арнаментыкай фахверкавых канструкцый. Кантрастным вобразна-пластычным акцэнтам фасада з’яўлялася вертыкаль размешчанай пасярэдзіне вежы з уваходным праёмам у ніжнім ярусе, пластыка якой уверсе ўскладнялася, а завяршаючым акордам з’яўляўся фігурны ярусны купал. На фоне неба аб’ёмна-прасторавае рашэнне будынка падкрэслівалі сцяжкі-флюгеры, якія вянчалі вежу і вільчакі бакавых фасадаў. Лаканічнасць архітэктурна-мастацкага рашэння, граматнае і выразнае спалучэнне ўсіх вобразна-пластычных элементаў ставіць будынак слуцкай ратушы ў шэраг значнейшах помнікаў драўлянага дойлідства ў гісторыі горада.

Да якога часу стаяў будынак ратушы, невядома. Магчыма, што не стала яго з-за пажару, які ўчыніўся 29 кастрычніка 1669 года. Цяперашняе месца, дзе некалі стаяла ратуша, прыкладна адпавядае месцу, дзе знаходзіцца школа № 5[1].

Зноскі

  1. Ігар Ціткоўскі. Слуцкая ратуша(нявызн.). Наследие Слуцкого края (29 снежня 2016).

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (5):
Катэгорыя·Артыкулы пра славутасці без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Ратушы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Славутасці Слуцка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Славутасці без геаграфічных каардынат