wd wp Пошук:

Сельская гаспадарка Бразіліі

Карта "Бразільскі ўраджай"

На працягу ўсёй гісторыі Бразіліі сельская гаспадарка гуляла вялікую ролю ў эканоміцы краіны. Сёння аграрны сектар застаецца найважнейшай галіной гаспадаркі, складаючы 6,6 % ВУП і даючы (разам з харчовай прамысловасцю) амаль палову кошту экспарту тавараў. На працягу апошніх 150 гадоў краіна з’яўляецца найбуйнейшым у свеце вытворцам кавы. Сённяшняя Бразілія — сустветны лідар па вытворчасці цукру і вырошчванні апельсінаў, пагалоўю буйной рагатай жывёлы. Таксама Бразілія ўваходзіць у лік буйнейшых вытворцаў кукурузы, бананаў, соі, касавы, бразільскага арэха, сізаля і папаі. Найлепшым узроўнем развіцця сельскай гаспадаркі адрозніваюцца паўднёвы і паўднёва-ўсходні раёны. Паўночны і цэнтральна-заходні раёны слаба асвоеныя, паўночна-ўсходні пакутуе ад працяглых засух. Сельскагаспадарчае асваенне тэрыторыі выклікае абязлесенне, у першую чаргу, у Амазоніі, дзе вялізарныя плошчы экватарыяльнага лесу расчышчаюцца агнём пад патрэбы жывёлагадоўлі. Урад Лулы да Сілвы спыніў стымуляванне фермераў-мігрантаў і пастрожыў адказнасць за нанясенне шкоды лясам.

Гісторыя сельскай гаспадаркі

У 16 стагоддзі вядучай сельскагаспадарчай культурай Бразіліі становіцца цукровы трыснёг, у 19 стагоддзі адбываецца “кававы бум”. Асаблівасці вырошчвання трыснёга і кавы вызначылі плантацыйны характар бразільскай сельскай гаспадаркі. У канцы ХІХ - пач ХХ ст. Бразілія зведала яшчэ адзін бум — каўчукавы, але ўжо ў 1920-я асноўным рэгіёнам вырошчвання гевеі стала Паўднёва-Усходняя Азія. У перыяд кіраўніцтва Варгаса (1930-я) поспехі сельскай гаспадаркі прывялі да таго, што Бразілію сталі называць “сусветным хлебным кошыкам”. У пачатку ХХІ стагоддзя імкліва расце валавы збор цукровага трыснёга, соі і кукурузы, што звязана з палітыкай забеспячэння энергетычнай бяспекі і попытам на сусветным рынку.

Раслінаводства

Поле цукровага трыснёга, штат Сан-Паўлу

Асноўнымі збожжавымі культурамі з’яўляюцца кукуруза (3 месца ў свеце) і рыс (1-е месца па-за межамі Азіі). Пшаніца вырошваецца ў самых паўднёвых штатах з субтрапічным кліматам, рыс культывуецца на незаліўных землях. Кава вырошчваецца на ўрадлівых глебах Бразільскага пласкагор’я ў штатах Мінас-Жэрайс і Сан-Паўлу. Да важных тэхнічных культур адносяцца бавоўнік і какава. Какава і трапічныя фрукты вырошчваюцца пераважна ў паўночным раёне.

Жывёлагадоўля

Бразілія — сусветны лідар ў такіх напрамках жывёлагадоўлі як вырошванне буйной рагатай жывёлы (218 млн галоў, 1-е месца ў свеце) і свінагадоўля (3-е месца ў свеце, 38 млн галоў). Асноўны рэгіён жывёлагадоўлі — саванны Бразільскага пласкагор’я, глебы якіх не адрозніваюцца ўрадзівасцю.

Сельскагаспадарная прадукцыя на 2017 год [1]
ПрадукцыяТысячы тонМесца ў свеце
Цукровы трыснёг758 1211
Соя114 5992
Кукуруза97 7213
Маніёк18 8765
Малако33 4903
Ялавічына9 5502
Свініна3 8245
Апельсіны17 4591
Рыс12 4699
Бананы6 6754
Пшаніца4 323

Зноскі

  1. FAOSTAT
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Сельская гаспадарка Бразіліі