Сві́рскі сельсавет — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Мядзельскага раёна Мінскай вобласці Беларусі. Цэнтр — гарадскі пасёлак Свір.
Утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Свірскага раёна Вілейскай вобласці БССР. Цэнтр — вёска Свір. З 20 верасня 1944 года ў складзе Маладзечанскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да сельсавета далучана тэрыторыя скасаваных Куцкоўскага і Супраненцкага сельсаветаў[1]. 25 красавіка 1958 года сельсавет скасаваны, населеныя пункты перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Свірскаму пассавету.
З 31 жніўня 1959 года пассавет у складзе Мядзельскага раёна. З 20 студзеня 1960 года ў складзе Мінскай вобласці. 10 мая 1960 года да пассавета далучана тэрыторыя скасаванага Канстанцінаўскага сельсавета[2]. 28 красавіка 2004 года ў склад Нарацкага сельсавета перададзены хутары Глыбокі Ручай і Рыдупля[3]. 28 мая 2013 года Свірскі пассавет рэарганізаваны ў сельсавет[4].
Насельніцтва пассавета паводле перапісу 2009 года (без Свіра) — 1685 чалавек[5], з іх 92,9 % — беларусы, 3,2 % — рускія, 2,9 % — палякі[6].