У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Андэрсан.
Сафі Жанжамбр Андэрсан (англ.: Sophie Gengembre Anderson; 1823, Парыж — 10 сакавіка1903, Карнуол) — англійская мастачка, якая спецыялізавалася ў жанры партрэта, пераважна жанчын і дзяцей у асяроддзі сельскай мясцовасці. Яна пачынала сваю кар’еру літографам і мастаком партрэтаў, супрацоўнічала з мастаком Уолтарам Андэрсанам . Яе карціны выстаўляліся ў Каралеўскай Акадэміі мастацтваў, Таварыстве Брытанскіх мастакоў і многіх рэгіянальных галерэях.
Сафі нарадзілася ў Парыжы ў 1823 годзе. Бацькамі мастачкі былі парыжскі архітэктар Шарль Жанжамбр і яго жонка, англічанка Марыянна Фэрэй[4]. Яны жылі ў Парыжы ў першыя гады жыцця Сафі, дзе яе бацька быў знаёмы з мастакамі і акцёрамі, такімі як Франсуа-Жозэф Тальма. У 1830 годзе бацька быў паранены ў ходзе падзей Французскай рэвалюцыі, і сям’я перабралася ў Лондан, дзе Шарль Жанжамбр працаваў архітэктарам у Шарля Фур’е. Пасля гэтага яны вярнуліся ў Францыю.
У семнаццаць гадоў у Сафі з’явілася цікавасць да мастацтва, калі ў горадзе пабываў вандруючы мастак-партрэтыст[5]. Яна атрымала добрую хатнюю адукацыю, а ў 1843 годзе вучылася ў мастака Шарля Штейбена[6]. Сям’і прыйшлося пераехаць у ЗША, ратуючыся ад рэвалюцыі 1848 года[7]. У пачатку яны жылі ў Цынцынаці ў штаце Агая, затым — у Манчэстэры ў штаце Пенсільванія. Там яна працавала ў кампаніі Louis Prang & Co, дзе рабіла каляровыя літаграфіі.
У 1851 чатыры яе ілюстрацыі ўвайшлі ў зборнік «Гістарычныя калекцыі Вялікага Западу» (Historical Collections of the Great West)[8]. Таксама яна супрацоўнічала з мастаком Уолтэрам Андэрсанам над серыяй партрэтаў амерыканскіх пратэстанцкіх епіскапаў[6]. Некаторы час пасля гэтага яны ажаніліся ў Манчэсцеры.
У 1854 годзе Андэрсаны пераехалі ў Лондан, дзе Сафі выстаўляла свае карціны ў Каралеўскай акадэміі Мастацтваў і Таварыстве Брытанскіх мастакоў.
У 1858 годзе яны пераехалі ў Нью-Ёрк, а каля 1863 — вярнуліся ў Лондан. У 1871, каб паправіць здароўе, пераехалі на італьянскі востраў Капры, дзе жылі на Віле Кастэла і ладзілі творчыя вечары, куды запрашалі многіх вядомых мастакоў таго часу (Фрэдэрык Лейтан, Джон Сінгэр Сарджэнт, Эдуар Сэн).
У 1894 пара пераехала ў Англію, у горад Корнуал. Уолтар Андэрсан памёр 11 студзеня 1903 года, і праз два месяцы, 10 сакавіка памерла і Сафі. Пахавана на могілках Свонвейл разам з мужам[9].