wd wp Пошук:

Сан-Марына

У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Сан-Марына, значэнні.

Сан-Мары́на, Святлейшая Рэспубліка Сан-Марына (Serenissima Repubblica di San Marino) — малая анклаўная дзяржава ў Паўднёвай Еўропе, на паўночным усходзе Апенінскага паўвострава; акружана тэрыторыяй Італіі. Размешчана на паўночна-усходнім падножжы Таскана-Эміліянскіх Апенін, на схілах узвышша Тытана (вышыня да 738 м). Плошча — 60,57 км². Насельніцтва 31,9 тыс. чал. (2010); каля 20 тыс. грамадзян Сан-Марына пражывае за межамі краіны — у Італіі, Францыі, ЗША. Гарады: Сан-Марына — сталіца, Серавале, Борга-Маджорэ, Фаэтана, Кьесануова, Монтэджардзіна, Фьёрэнціна, Даманьяна, Акуавіва. Адміністрацыйна тэрыторыя Сан-Марына падзелена на замкі (акругі). Афіцыйная мова — італьянская. Рэлігія — каталіцызм. Афіцыйны каляндар — грыгарыянскі, ужываецца таксама мясцовы каляндар, які пачынаецца ад 301 года н.э.

Гісторыя

Узнікненне Сан-Марына адносяць да 301 года. Паводле падання, Сан-Марына заснавана каменячосам, хрысціянінам Марына, уцекачам з Далмацыі ад рэлігійных пераследу Дыяклетыяна (пасля Марына быў прылічаны да святых, адтуль прыстаўка «сан»), заснаваў рэлігійны ордэн на гары Тытан. Падчас набегаў варварскіх плямёнаў на Рым узніклая ў пячоры ў гары Тытана хрысціянская абшчына ўмацавала схілы гэтай гары сценамі і валамі. Пазней Сан-Марына ўваходзіла ў Равенскі экзархат і Лангабардскае каралеўства. Сан-Марына лічыцца найстаражытнейшай з сучасных дзяржаў Еўропы. Упершыню назва «Святлейшая Рэспубліка Сан-Марына» з’яўляецца ў дакументах 10 ст. Да атрымання незалежнасці ў 855 г. знаходзілася пад пратэктаратам суседняга герцагства Урбіна. У 11—13 ст. ўладанні рэспублікі пашырыліся за кошт купленых ці далучаных суседніх участкаў зямлі. У 1295–1302 гг. склаўся рэспубліканскі лад. У 1263 быў створаны першы Статут, які ў 1797 быў прызнаны Напалеонам, а ў 1815 — Венскім кангрэсам. У 15 ст. да Сан-Марына далучаны замак Фьёрэнціна і шэраг паселішчаў. У 1739 Сан-Марына было акупавана папскімі войскамі, аднак у 1740 Папа Клімент XII прызнаў незалежнасць рэспублікі. У 19 ст. Сан-Марына часта было прытулкам італьянскім рэвалюцыянерам, у т.л. карбанарыям, у 1849 тут знайшоў прытулак Дж. Гарыбальдзі, які адыходзіў са сваім атрадам з Рымскай рэспублікі пад націскам аўстрыйскіх і папскіх войскаў. Пасля ўтварэння адзінай Італьянскай дзяржавы (1861) Сан-Марына ў 1862 заключыла з Італіяй дагавор пра сяброўства і добрасуседскія адносіны (пацверджаны ў 1872, 1897 і 1953). У 1909 уведзена ўсеагульнае выбарчае права для мужчын (для жанчын — у 1960).

У 1-й сусветнай вайне (1914—1918) Сан-Марына на баку Антанты — выставіла 15 салдат. З прыходам у Італіі да ўлады фашыстаў (1922) у Сан-Марына таксама актывізаваліся фашысцкія элементы, якія захапілі ўладу ў 1923. Фашысты пачалі наступ на дэмакратычныя інстытуты. У час 2-й сусветныя войны (1939—1945) Сан-Марына абвясціла нейтралітэт, тым не менш у чэрвені 1944 тэрыторыя дзяржавы бамбардзіравалася англа-амерыканскай авіяцыяй, а ў верасні 1944 акупавана нямецкімі войскамі. Пасля вайны Сан-Марына стала значным цэнтрам міжнароднага турызму. На парламенцкіх выбарах 1945 перамог блок антыфашысцкіх партый, аж да 1957 большасць у парламенце належала кааліцыі левых партый, якая ўзначальваецца камуністамі (гл. Сан-Марынская камуністычная партыя, заснаваная ў 1921) і сацыялістамі (Сан-Марынская сацыялістычная партыя, заснаваная ў 1903). У гэтыя гады былі нацыяналізаваныя некаторыя прадпрыемствы. У кастрычніку 1957 італьянскія кіроўныя колы арганізавалі блакаду Сан-Марына, з іх дапамогай правыя сілы ажыццявілі дзяржаўны пераварот. Кампартыя і Сацыялістычная партыя былі адхілены ад кіравання. З 1957 ва ўлады — кааліцыйныя ўрады, якія ўзначальваюцца Хрысціянска-дэмакратычнай партыяй (ХДП; заснавана ў 1948); пасля парламенцкіх выбараў 1974 сфармавана ўрад з прадстаўнікоў ХДП і сацыялістаў.

Геаграфія

Асноўны артыкул: Геаграфія Сан-Марына

Карта

Сан-Марына знаходзіцца на паўднёва-заходнім схіле трохгаловага горнага масіва Монтэ-Тытана (739 м), які ўзвышаецца над халмістай раўнінай перадгор’еў Апенін. Клімат вільготны субтрапічны з мяккімі зімамі і спякотным летам.[1]

Палітыка

Сан-Марына — рэспубліка. Вышэйшы орган дзяржаўнай улады — аднапалатны парламент (Вялікі генеральны савет), які складаецца 60 дэпутатаў, абіраных насельніцтвам на 5 гадоў; кожныя 6 месяцаў 2 дэпутаты прызначаюцца капітанамі-рэгентамі, якія ўзначальваюць выканаўчую ўладу і на якіх ускладзены функцыі кіраўніка дзяржавы. Органам выканаўчай улады з’яўляецца таксама г.зв. Дзяржаўны кангрэс, які складаецца з кіраўнікоў 10 дэпартаментаў. Судовую ўладу ажыццяўляюць г.зв. камісіянеры па адміністрацыйных і цывільных справах і па крымінальных справах. Вышэйшым судовым органам у шэрагу выпадкаў выступае Савет дванаццаці.

Эканоміка

Аснова эканомікі дзяржавы — турызм (каля 3 млн турыстаў у 1974) і сельская гаспадарка. У сельскай гаспадарцы пераважаюць мелкасялянскія гаспадаркі. Сельска-гаспадарчыя землі складаюць 1 тыс. га (1971); пасевы збожжавых, вінаграднікі. Прамысловая і рамесная вытворчасць разлічана на задавальненне ўнутраных патрэб і абслугоўванне замежных турыстаў. Ёсць прадпрыемствы тэкстыльнай (ваўняныя і трыкатажныя вырабы), цэментнай, папяровай, гарбарнай, металаапрацоўчай, хімічнай, мэблевай, керамічнай (галоўным чынам вырабы з маёліка і шкла) прамысловасці. Здабываецца будаўнічы камень і сера.

Знешнія сувязі Сан-Марына ажыццяўляе праз горад і порт Рыміні. Знешнегандлёвы абарот галоўным чынам з Італіяй. Важныя крыніцы прыбыткаў дзяржавы — замежны турызм, выпуск паштовых знакаў і сувеніраў (раней у т.л. адмыловых сан-марынскіх манет) даюць каля 1/3 паступленняў дзяржаўнага бюджэту. Грашовая адзінка — еўра. Раней Сан-Марына знаходзілася ў мытным і паштовым саюзе з Італіяй, якая штогод сплачвала Сан-Марына кампенсацыю за адмову ад даходаў, звязаных з мытнымі пошлінамі, радыё- і тэлецэнтрамі, ігорнымі дамамі і інш.

Насельніцтва

Рэлігія

Транспарт

Культура

Помнікі выяўленчага мастацтва на тэрыторыі Сан-Марына адносяцца да школ Рыміні (14 ст.) і Балоньі (17 ст.). Традыцыйныя віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — разьба па каменю і кераміка.

Адукацыя

Арганізацыя адукацыі вызначаецца Статутам 1946 года. Усе школы з’яўляюцца дзяржаўнымі. Узрост абавязковага навучання 6-14 гадоў. 6-гадовыя дзеці паступаюць у 5-гадовую пачатковую школу. Сярэдняя школа складаецца з 3-гадовай няпоўнай сярэдняй школы і 5-гадовай поўнай сярэдняй школы. У 1969—1970 навучальным годзе ў 18 пачатковых школах навучалася 1580 вучняў, у адной поўнай сярэдняй школе — 840 вучняў.

Сімволіка

Адносіны з Рэспублікай Беларусь

Дыпламатычныя адносіны ўстаноўленыя ў 2009: пагадненне падпісана 9 лютага ў Рыме пасламі Беларусі і Сан-Марына ў Італіі; уступіла ў сілу 6 ліпеня таго ж года.

Зноскі

  1. Climate-Data.org > Европа > Сан-Марино Клима (руск.) . Праверана 10 верасня 2020 г..

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (9):
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Сан-Марына
Анклавы
Category:%D0%A1%D1%82%D0%B0%D1%80%D0%BE%D0%BD%D0%BA%D1%96 %D0%B7 %D0%BA%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BC%D1%96
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Дзяржавы паводле алфавіта
Вікіпедыя:Спасылка на Вікісховішча непасрэдна ў артыкуле
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з нумарамі старонак
Вікіпедыя:Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара