Рэчыцкая жаночая гімназія Гаўрылавай — колішняя навучальная ўстанова ў Рэчыцы.
5 верасня 1906 года ў Рэчыцы адкрыта першая прыватная жаночая гімназія на асабістыя сродкі Лізаветы Уладзіміраўны Гаўрылавай, жонкі рэчыцкага акруговага суддзі Мікалая Канстанцінавіча Гаўрылава[1], і спачатку значылася як пачатковае вучылішча. У 1908 г. яму афіцыйна прысвоены быў статус прагімназіі[2]
19 мая 1911 г. навучальная ўстанова ператворана ў гімназію з 7-ю асноўнымі класамі. Размяшчалася яна ў прыватным доме Сачанкі-Сакуна на рагу вуліцы Успенскай (цяпер Савецкая) і Школьнага завулка . Утрымлівалася выключна за кошт платы за навучанне, якая складала 70-100 рублёў за год з вучаніцы. Штат гімназіі складалі загадчыцы, тры законавучыцелі, восем выкладчыкаў, два класныя наглядчыкі і ўрач. Лічылася вядучай навучальнай установай да Першай сусветнай вайны. У 1911 г. у ёй праходзілі навучанне 260, а ў 1915 г. — 290 дзяўчынак[2].
У 1945 годзе ў будынку наваствораны ў Рэчыцкі землеўпарадкавальны тэхнікум Наркамата земляробства БССР[3]. Пазней у гэтым будынку размяшчаліся музычная школа, дом піянераў, гарвыканкам[1].
У 2007 годзе ў сувязі з падрыхтоўкай горада да рэспубліканскага фестывалю «Дажынкі» будынак былой жаночай гімназіі па ініцыятыве Рэчыцкага райвыканкама[4] быў выключаны з Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь па заключэнні спецыяльнай камісіі Міністэрства культуры[3]. Пасля, паводле афіцыйных звестках, з прычыны невырашальных праблем з падмуркам і пагрозай абрушэння, будынак быў знесены[1]. Начальнік аддзела культуры Рэчыцкага райвыканкама Вольга Максіменка заявіла, што «без гэтага будынка цэнтральная плошча набыла выгляд сапраўднай плошчы»[4].