wd wp Пошук:

Рыгор Яцкавіч Падбярэзскі

.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw{display:inline-block}.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst a::first-letter,.mw-parser-output .ts-wikidata-positions-uppercasefirst span.iw::first-letter{text-transform:capitalize}

Рыгор Яцкавіч Падбярэзскі, або Рыгор Яцкавіч Сенькавіч (каля 1513 — пасля 1585) — дваранін гаспадарскі, падкаморы аршанскі (1569—1585), маршалак земскі аршанскі (з 1585).

З роду полацкіх баяр Радковічаў, сын баярына Яцкі Сенькавіча Радковіча і княжны Ульяны з Ямантавічаў-Падбярэзскіх. Шлюб з Яцкам быў для Ульяны другім і адбыўся каля 1513 года, у першым шлюбе яна была з родным братам Яцкі — Міхаілам, які памёр неўзабаве па вяселлі ў 1511—1512 гадах. Такім чынам, шлюб Ульяны з Яцкам зыходна быў некананічным, але асвечаным, магчыма, праз няведанне сужэнцаў і святара. Праблемы з законнасцю шлюбу выявіліся калі ў ім ужо нарадзілася трое сыноў, у 1518 годзе мітрапаліт Іосіф Солтан прызнаў шлюб незаконным, але дзяцей у ім законнымі дзецьмі і спадкаемцамі Яцкі. Прызналі іх і бліжэйшыя родзічы Яцкі, але некаторыя іншыя сваякі — не, што прычынілася працягламу працэсу Ульяны за правы і спадчыну сыноў, урэшце скончанаму на іх карысць. Пасля безпатомнай смерці брата — князя Сямёна Ямантавіча-Падбярэзскага, Ульяна атрымала спадчыну па ім і перадала яе сынам.

Перад 1541 годам Рыгор служыў віцебскаму ваяводзе Мацею Клочку, сам дакументамі Метрыкі называны «панам»[1].

Пэўны час дзядзькаў маёнтак Падбярэззе быў асноўным для братоў Рыгора і Івана Яцкавічаў, абодва яны зваліся па ім Падбярэзскімі (у дакуменце ад 5 мая 1542 года)[2]. Па падзеле спадчыны (9 ліпеня 1542 года) з братам, Рыгор атрымаў дзядзькава Падбярэззе ў аднаасобнае ўладанне і толькі ён стаў звацца Падбярэзскім, а брат Іван ад свайго маёнтка пазней зваўся Стрэжаўскім[3]. Паводле падзелу Рыгор атрымаў «двор» Падбярэззе з вёскамі Станкіна, Хомкава, Курапава, Жаміева, Астрашапкі, Сіманава, Башарова, Палюдава, Замосце, Біклачы, даннікаў у Ельнянах і на Грушцы ў Забчыжыне, на Лагах у Жарэмцах, Белічанах і Чарневічах, а таксама другі «двор» за Дняпром — Басею з вёскамі Пагост, Навасёлкі, Безерава, Гарадзішча, Кішчыцы, Казловічы, Хамінічы, таксама ў Полацкім павеце «двор» Бачэйкава з вёскамі і да гэтага матчыны фальварак Сяльцо «ў замку Полацкім» (так дае Ю. Вольф), сёлы Дохнары і Обаль. Іван Яцкавіч за падзелам атрымаў Стрэжава з сёламі Давідовічы, Пятыверск, Саўрасеўск, палову Чалнышкавічаў і Плясканава, таксама 800 коп грошаў брат мусіў яму выплаціць. Абодва ад маці атрымалі па двары ў Полацку.[4]

Неўзабаве паміж братамі здарыўся канфлікт, на пачатку 1540-х гадоў Рыгор не паведаміў брату і прадаў каралю Жыгімонту Старому частку маёнтка Басеі і некаторых іншых, якія мусілі належаць Івану[1]. У 1547 годзе Іван Яцкавіч спрабаваў адсудзіць у брата сваю долю—Басею і Казечыцы, але яна засталася за гаспадаром.

У 1548 і 1549 гадах Рыгор Яцкавічаў меў справу ў гаспадарскім судзе з князямі Друцкімі за права трымаць па гадах Друцкі замак, паводле парадку вызначанага паміж галінамі княжацкага роду. Аднак князі Друцкія не лічылі Рыгора родзічам і такім чынам ён не мог удзельнічаць у чаргаванні трымання замка. Рыгор Яцкавіч абгрунтоўваў свае правы тым, што частка Друцка дасталася яму «правомъ прироженымъ по дядьку его», але і яго дзядзька князь Сямён Ямантавіч-Падбярэзскі не быў родзічам князёў Друцкіх, а толькі трымаў частку Друцка як спадчыну па сваёй першай жонцы княжне Дамнідзе Сямёнаўне з Друцкіх-Сакалінскіх, а не права чаргі на гадавое трыманне Друцкага замка. Большая частка ўладанняў Рыгора Падбярэзскага была ў Аршанскім старостве, а з маёнткаў у Полацкай зямлі, паводле рэвізіі 1552 года, ставіў толькі двух «коней»[3], але адзін з яго двароў там быў застаўлены брату Івану.

У 1561 годзе Рыгор (памылкова названы не Сенькавічам, а Сеньчуковічам) суправаджаў польскія войскі, якія накіроўваліся з каронных земляў праз Княства ў Інфлянты[1].

Пасля ўтварэння Аршанскага павета, на першым павятовым сойміку шляхта абрала Рыгора Падбярэзскага адным з чатырох электаў (кандыдатаў) на ўрад падкаморыя аршанскага. Спачатку кароль абраў Габрыэля Богушавіча Войну, аднак, Рыгор звярнуўся да караля і паведаміў, што Война не адпавядае нормам Статута 1566 года, бо не мае аселасці ў Аршанскім павеце, і прасіў надаць урад сабе. У выніку прывілей Войне быў скасаваны, а падкаморства атрымаў Рыгор Падбярэзскі.[1]

У 1585 годзе Рыгора Яцкавіча прызначылі маршалкам Аршанскага павета. Напэўна, гэтаму спрыяла яго служба пры двары каралевы Боны[1].

Ад Рыгора Яцкавіча пачынаецца шляхецкі род Падбярэзскіх.[3]

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 Чарняўскі, 2013, с. 95
  2. Воронин, 2017, с. 98
  3. 1 2 3 Воронин, 2017, с. 100
  4. Wolff, 1895, s. 152-153

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Падбярэскія
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1513 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Падкаморыя аршанскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Дваране гаспадарскія
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Падбярэскія
Катэгорыя·Маршалкі земскія аршанскія