Ру́дня-Шля́гінскі сельсавет — былая адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Свяцілавіцкага раёна Гомельскай вобласці. Цэнтр — вёска Рудня-Шлягіна.
Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года сельсавет у складзе Свяцілавіцкага раёна Гомельскай акругі БССР. З 4 жніўня 1927 года ў складзе Веткаўскага раёна. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Рудня-Гулеўскага сельсавета, і рэарганізаваны ў Рудня-Шлягінскі нацыянальны польскі сельсавет. Пасля скасавання акруговай сістэмы 26 ліпеня 1930 года ў Веткаўскім раёне БССР. У 1935 годзе сельсавет рэарганізаваны ў беларускі. З 12 лютага 1935 года ў складзе адноўленага Свяцілавіцкага раёна, з 20 лютага 1938 года — Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны, тэрыторыя далучана да Рэчкаўскага сельсавета[1].