У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гольц.
Рудзігер фон дэр Гольц (ням.: Gustav Adolf Joachim Rüdiger Graf von der Goltz; 8 снежня 1865, Цюліхау, Правінцыя Брандэнбург, Прусія, цяпер Польшча — 4 лістапада 1946, Бернбойрэн, Баварыя, Германія) — нямецкі генерал, граф.
З дваранскага роду Гольц (ням. Goltz). У гады Першай сусветнай вайны даслужыўся да пасады камандзіра так званай «Остзейскай дывізіі(англ.) бел.», якая дзейнічала ў Прыбалтыцы. На чале германскага экспедыцыйнага корпуса ўдзельнічаў у грамадзянскай вайне ў Фінляндыі на баку буржуазнага ўрада, аказваў дапамогу ў арганізацыі фінскай арміі.[1] Падтрымліваў палітыку фінскага генерала К. Манергейма.
У пачатку 1919 г. пад ціскам Антанты адкліканы з Фінляндыі, вярнуўся ў Прыбалтыку, дзе ўдзельнічаў у стварэнні прыбалтыйскага ландэсвера. З 1 лютага 1919 года камандаваў антыбальшавіцкімі сіламі ў Латвіі. Прыхільнік стварэння Балтыйскага герцагства. У красавіку 1919 г. раззброіў у Лібаве латышскія нацыянальныя войскі і скінуў урад К. Улманіса, замяніўшы яго сваім стаўленікам А. Ніедрам. Войскі пад яго камандаваннем занялі Курляндыю і Рыгу (22 мая 1919 г.) (Пасля адстаўкі фон дэр Гольца гэтыя ўзброеныя сілы перайшлі пад камандаванне Берманта-Авалава.)
У кастрычніку 1919 г. па патрабаванні латвійскіх улад і Вялікабрытаніі быў адкліканы з Латвіі ўрадам Веймарскай рэспублікі[2].
У Германіі стаў праціўнікам Веймарскай рэспублікі. Удзельнічаў у Капаўскім путчы. З 1934 г. займаў добра аплачваную, але малаўплывовую пасаду кіраўніка ветэранскай арганізацыі Імперскі саюз нямецкіх афіцэраў (ням.: Reichsverband deutscher Offiziere).
У перыяд нямецкай акупацыі з 1941 па 1944 гг. бульвар Аспазіяс у Рызе насіў імя фон дэр Гольца[3].