wd wp Пошук:

Расціслаў Уладзіміравіч

Расціслаў Уладзіміравіч, хроснае імя Міхаіл (1038 — 3 лютага 1067) — князь тмутараканскі (1064—1067).

Раннія гады, праблема ўдзела

Адзіны сын наўгародскага князя Уладзіміра Яраславіча. Праз раннюю смерці бацькі, паводле лесвічнага права, Расціслаў не мог разлічваць на старшыя стальцы і мусіў задаволіцца воласцю, якую дадуць старшыя родзічы. Няма пэўнасці які ўдзел атрымаў 15-гадовы Расціслаў па смерці бацькі. В. М. Тацішчаў пад 1052 годам пісаў, што Расціслаў па смерці бацькі застаўся на княжанні ў Ноўгарадзе і Растове. Аднак далей, пад 1064 годам, В. М. Тацішчаў паведамляе ўжо, што Расціслаў у 1052 годзе атрымаў Растова-Суздальскую воласць, а ў 1060 годзе па смерці Ігара Яраславіча быў пераведзены дзядзькамі ва Уладзімір-Валынскую воласць.[3]

Выглядае, аднак, што гэта толькі здагадкі В. М. Тацішчава, бо яго звесткі пярэчаць некаторым летапісам. У Наўгародскім I летапісе малодшага ізводу пад 989 годам запісана, што ў 1054 годзе Растова-Суздальскую воласць паводле тастаменту кіеўскага князя Яраслава Уладзіміравіча атрымаў яго сын Усевалад разам з Пераяслаўскай, Белазерскай валасцямі і Паволжам. «Аповесць мінулых часоў» кажа пра атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці. А. Рапаў слушнейшымі лічыць наўгародскія звесткі, бо атрыманне Усеваладам толькі Пераяслаўскай воласці азначала б, што любімы сын быў абдзелены валасцямі — Пераяслаўская воласць мела дужа абмежаваныя памеры і цярпела ад сталых наездаў качэўнікаў.[3]

Таксама зусім не зразумела, чаму Расціслаў мусіў бы атрымаць Уладзімір-Валынскі толькі па смерці Ігара, бо Ігар апошнія тры гады жыцця трымаў не Уладзімір-Валынскі, а Смаленск. Таму звесткі В. М. Тацішчава адносна ўладанняў Расціслава ў 1050-х — пачатку 1060-х гадоў наўрад ці верныя.[3]

Захоп Тмутаракані і смерць

Далей, у «Аповесці мінулых часоў» пад 1064 годам запісана: «Пабег Расціслаў да Тмутаракані, сын Уладзіміраў, унук Яраславаў і з ім пабеглі Парэй і Вышата, сын Астраміра, ваяводы наўгародскага. І прыйшоў і выгнаў Глеба з Тмутаракані, а сам сеў на яго месца». Шэраг летапісаў паведамляе, што Расціслаў бег у Тмутаракань з Ноўгарада, аднак ні адзін з іх, у т.л. наўгародскія, не кажа, што Расціслаў у 1064 годзе трымаў Наўгародскую воласць. Ноўгарад у 1060-я гады трымаў сам вялікі князь Ізяслаў Яраславіч або адзін з яго сыноў. А. Рапаў прапануе версію, магчыма, Расціслаў Уладзіміравіч, які атрымаў ад старэйшых родзічаў нейкую воласць, збіраўся захапіць бацькаў сталец з дапамогай наўгародскіх баяр, але пацярпеў няўдачу і вымушаны быў бегчы на поўдзень.[3]

У 1065 годзе Святаслаў Яраславіч прыйшоў да Тмутаракані, Расціслаў не хацеў ваяваць з дзядзькам пакінуў горад, а Глеб Святаславіч зноў заняў тмутараканскі сталец. Аднак, калі Святаслаў з войскам вярнуўся да Чарнігава, Расціслаў зноў заняў Тмутаракань, а Глеба выслаў да бацькі.[4]

Княжыўшы ў Тмутаракані, Расціслаў заваяваў касогаў і наклаў на іх даніну. Паводле адной з версій, актыўная дзейнасць князя занепакоіла грэкаў, яны паслалі да яго херсанескага катапана, які на піру атруціў Расціслава.

Сям’і і нашчадкі

Магчыма, Расціслаў быў у Тмутаракані без сям’і. В. М. Тацішчаў у свой час пісаў, што расціславава жонка, даведаўшыся пра смерць мужа, хацела разам з дзецьмі выехаць у Венгрыю да свайго бацькі, але вялікі князь Ізяслаў Яраславіч дзяцей ёй не аддаў, а самой ехаць дазволіў. Звесткі гэтыя, як усе тацішчаўскія, падлягаюць пільнай рэвізіі. Вядома, пасля смерці Расціслава, не магло і весціся пра перадачу Тмутаракані яго дзецям, княства вярнулася ва ўладанне Святаслава Яраславіча.[5]

Зноскі

  1. Рюрик Ростиславич // Русский биографический словарь / под ред. Б. Л. Модзалевский — СПб.: 1918. — Т. 17. — С. 771–772.
  2. В. Р—в Рюрик // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1899. — Т. XXVIIа. — С. 510.
  3. 1 2 3 4 Рапов О. Княжеские… С. 68.
  4. Рапов О. Княжеские… С. 68-69.
  5. Рапов О. Княжеские… С. 69.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (12):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Военачальнікі Старажытнай Русі
Катэгорыя·Рурыкавічы
Катэгорыя·Князі тмутараканскія
Катэгорыя·Памерлі ў Краснадарскім краі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1038 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ад атручвання
Катэгорыя·Памерлі 3 лютага
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра дзяржаўных дзеячаў без ілюстрацый на Вікісховішчы
Катэгорыя·Памерлі ў 1067 годзе