wd wp Пошук:

Радковыя спевы

Маленькая стыхіра Пяцідзясятніцы ў выкананні ансамбля Хронас

Радковыя спевы — від старарускага царкоўнага шматгалосся ў XVIXVII стст. Назва ад спосабу запісу: партыі, запісаныя крукамі, размяшчаліся адна пад адной над радком тэксту. На Украіне і Беларусі вядомы з пачатку XVI ст., у Расіі з другой паловы XVI ст.

Рэпертуар радковых спеваў склаўся на аснове песнапенняў, пераважна гімнічнага характару, царкоўных зборнікаў Ірмалой, Актоіх, Святы (адсюль радкі названыя ірмалойнымі, актойнымі або святочнымі). У залежнасці ад колькасці радкоў радковыя спевы былі 2-, З- і 4-галосыя, мелі лінеарную меладычную прыроду і апіраліся на народныя падгалосачна-контрапунктычнае шматгалоссе; як асноўны голас выкарыстоўваліся песнапенні знаменнага спеву. Гэты голас называўся пуцём і быў ніжнім у 2-, ніжнім ці другім знізу ў З- і 4-галосых напевах. 2- і 3-галосыя радковыя спевы блізкія да шматгалосся, пашыранага ў беларускім народным выканальніцтве на поўдні Мінскай, у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Для іх характэрна першаснасць мелодыі і другаснасць сугуччаў. Дыяпазон і тэмбр голасу не улічваліся. У 2-галоссі радковых спеваў ёсць аналогіі з гетэрафоніяй усходне-славянскай традыцый народнай песні. Найбольш пашыраны 3-галосыя радковыя спевы, тыповыя для народна-песеннага і кантавога шматгалосся. З развіццём шматгалосай традыцыі ускладняліся падгалосачныя, лінеарныя і акордавыя формы.

Дзямественная стыхіра Вялікадня ў выкананні ансамбля Хронас

Запісваліся радковыя спевы знаменнай і дзямественнай натацыямі. Крукі, або знамёны, паказвалі колькасць гукаў і кірунак руху напеву, але не заўсёды пазначалі канкрэтныя рытмічныя працягласці. Асноўная тэндэнцыя знаменных радковых партытур — адвольнае выкарыстанне больш простых знакаў безлінейнай натацыі. Характэрныя палеаграфічныя прыкметы — двайныя пазначэнні (літары светлага і простага сагласій у спалучэнні з дадатковым знакам — коскай злева ці справа). Першы (дзямественнік) і 3-і (пуць) безлінейныя радкі пісалі чорнай тушшу, 2-і (ніз) і 4-ы (верх) — кінавар‘ю.

Радковыя спевы падрыхтавалі глебу для партэсных спеваў і выцеснены імі на Беларусі ў другой палове XVI ст., у Расіі — у сярэдзіне XVII ст.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Праваслаўнае набажэнства
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Музыка Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Музыка Расіі
Катэгорыя·Царкоўная музыка
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Хрысціянская музыка
Катэгорыя·Музыка Украіны