wd wp Пошук:

Рагнеда Мсціслаўна

Рагнеда Мсціслаўна (? — 1179) — дачка вялікага князя кіеўскага Мсціслава Уладзіміравіча.

На думку Ф. Б. Успенскага, няма пэўнасці, што прататыпам імя для дачкі Мсціслаў абраў менавіта Рагнеду Рагвалодаўну, паказальна, што пры выбары імёнаў дочкам ён прынамсі двойчы звярнуўся да скандынаўскіх, якія ўвайшлі ў княжацкі антрапанімікон за часам вялікага князя Уладзіміра Святаславіча. Так, адну з Мсціславен звалі Мальмфрыдай, як меркаваную некаторымі даследчыкамі жонку Уладзіміра, яшчэ адну – Інгеборгай, яе імя напэўна адсылае да дзеда Інгэ Стэнкільсана і прапрабабы Інгігерды Улафсдотэр.

У летапісе Рагнеда Мсціслаўна згадваецца пад 1169 годам у паведамленні пра смерць свайго брата, вялікага князя Расціслава Мсціславіча. Выступае самастойнай асобай, раіць хвораму вял.кн. Расціславу не ехаць да Кіева, а застацца ў Смаленску. Расціслаў і памірае на шляху да Кіева, у Рагнедзіным сяле Зарубе. Муж Рагнеды Мсціслаўны не названы, на думку Ф. Успенскага, напэўна, да гэтага часу яна была ўдавою. З летапісаў вядома, што некалькі дачок Мсціслава былі замужам на Русі, адна з Усеваладам Ольгавічам (унукам Святаслава Яраславіча), другая – Яраславам Святаполчычам (унукам Ізяслава Яраславіча), трэцяя – Брачыславам Давыдавічам (унукам Усяслава Брачыславіча), іх імёны летапісы не называюць, нейкая з іх, магчыма, і ёсць Рагнеда Мсціслаўна. Таксама, Рагнеда магла быць яшчэ адной, восьмай, дачкой Мсціслава або адной з дачок выданых замуж за мяжу, якая вярнулася на Русь, але імёны апошніх вядомы з заходніх крыніц — таму версія малаверагодная.

На думку Ф. Успенскага, Рагнеда Мсціслаўна напэўна была жонкай Усевалада Ольгавіча, князя чарнігаўскага і вял.кн. кіеўскага, бо гледзячы з летапісу мела аўтарытэт у свайго брата кн. Расціслава Мсціславіча, што натуральна для ўдавы вялікага князя кіеўскага, якая ў свой час упэўніла мужа даць наўгародскі сталец аднаму са сваіх братоў Мсціславічаў. Пагатоў, вядома, што ўдава Усевалада памерла ў 1179 годзе. З крыніц жа імя жонкі вял. кн. Усевалада Ольгавіча не вядома, толькі пазнейшы Густынскі летапіс называў яе Марыяй, яшчэ пазней В. ТацішчаўАгаф’яй.

Зноскі

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (9):
Катэгорыя·Артыкулы пра асоб без партрэтаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі ў 1179 годзе
Катэгорыя·Пахаваныя ў Кіеве
Катэгорыя·Манамахавічы
Катэгорыя·Князёўны Русі
Катэгорыя·Асобы, чыя дата нараджэння не вызначана
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы са спасылкамі на элементы Вікідадзеных без беларускага подпісу