Петрус Крыстус (нідэрл. Petrus Christus) (1410/1420, Барле — 1475/1476, Бругэ) — паўднёванідэрландскі (фламандскі) мастак, які працаваў у Бругэ з 1444 года. Таксама згадваецца пад імем Пітэр Крыстафсен.
Петрус Крыстус быў адзіным прамым вучнем Яна ван Эйка. У апошнія гады жыцця майстра Петрус дапамагаў Яну ван Эйку і дарабіў некаторыя не завершаныя ім замовы. На стыль Крыстуса апроч ван Эйка аказалі ўплыў мастакі Рагір ван дэр Вейдэн і Рабер Кампен. Петрус атрымаў у спадчыну майстэрню Ван Эйка пасля яго смерці ў 1441 годзе і аказаў значны ўплыў на іншых майстроў бруггскай школы — Дзірка Баўтса і Гертгена тот Сінт Янса. У палотнах на рэлігійныя тэмы Крыстус не здолеў дасягнуць узроўню ван Эйка, аднак партрэты пэндзля Крыстуса дзякуючы характэрна прапрацаваным дэталям мімікі выглядалі вельмі жывымі. Петрус Крыстус быў першым фламандскім жывапісцам, які сур’ёзна прысвяціў сябе партрэтнаму жывапісу. Адным з яго шэдэўраў лічыцца «Партрэт дзяўчыны» з Берлінскай карціннай галерэі.