Пе́тар Ілямні́цкі[4] (славацк.: Petr Jilemnický; 18 сакавіка 1901, Геерсберг (цяпер Летаград) ва Усходняй Чэхіі — 19 мая 1949, Масква) — славацкі пісьменнік. Адзін з пачынальнікаў т. зв. пралетарскай плыні ў славацкай літаратуры. Народны мастак (1949).
Скончыў сельскагаспадарчую школу ў Хрудзіме, пазней педагагічнае вучылішча ў Левіцах (Паўднёвая Славакія). У 1921 годзе адным з першых уступіў у Камуністычнай партыі Чэхаславакіі. Актыўны ўдзельнік рэвалюцыйнай дзейнасці на тэрыторыі краіны, што прывяло да яго эміграцыі ў СССР. У 1927—1929 жыў у Савецкім Саюзе. У 1927—1928 гадах вучыўся ў Маскоўскім інстытуце журналістыкі.
Пасля заканчэння інстытута вярнуўся на радзіму і працаваў настаўнікам у Чэхіі і Славакіі, затым рэдагаваў газету «Праўда» ў Остраве.
У 1934 — удзельнік першага Усесаюзнага з’езду савецкіх пісьменнікаў. Друкаваўся ў газетах «Proletárka», «Hlas ľudu», «Pravda chudoby», браціслаўскім штотыднёвым літаратурна-грамадскім часопісе «ДАВ», які выдаваўся аб’яднаннем славацкіх рэвалюцыйных пісьменнікаў, пераважна камуністаў. Здзейсніў паездку на Каўказ, працаваў сярод чэшскіх і славацкіх каланістаў, у выніку напісаў раман «Звонкі крок» (1930).
Падчас Другой сусветнай вайны быў удзельнікам партызанскага руху на тэрыторыі Славакіі. За ўдзел у антыфашыстскай барацьбе ў 1942—1945 гг. трапіў у канцлагер.
У 1945—1946 гг. член Часовага нацыянальнага сходу Чэхаславакіі ад Камуністычнай партыі Славакіі. У 1945 годзе член З’езду прадстаўнікоў. У 1947 быў прызначаны пастаянным дэлегатам Славацкага камітэта ў Бялградзе. У 1948—49 гг. аташэ па культуры пасольства ЧССР ў Маскве.
Памёр у Маскве. Пахаваны ў Славакіі.
Нарысы і апавяданні Ілямніцкага друкаваліся з 1920 года. Аўтар раманаў «Пераможнае падзенне» (1929; славацк.: Víťazný pád), «Звонкі крок» (1930; славацк.: Zuniaci krok), «Поле неўзаранае» (1932; славацк.: Pole neorané), «Кавалак цукру» (1934; славацк.: Kus cukru), «Компас — унутры нас» (1937; славацк.: Kompas v nás), «Хроніка» (1947; славацк.: Kronika) і інш., у якіх адлюстраваны лёс сялянства, абуджэнне яго свядомасці, Славацкае паўстанне 1944 года і інш. Творам уласцівы дакументальнасць, спалучэнне рэалізму з неарамантычнымі і экспрэсіянісцкімі тэндэнцыямі, спавядальнасць.