wd wp Пошук:

Першая сталіца Украіны

Дом дзяржаўнай прамысловасці ў Харкаве, месца размяшчэння Савета Народных Камісараў Украіны з 1928 па 1934 гады

Першая сталіца Украіны — неафіцыйны савецкі тытул Харкава, звязаны з тым, што з 1919 па 1934 гады гэты горад быў сталіцай Украінскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі. Нягледзячы на тое, што культурным і палітычным цэнтрам краіны быў Кіеў, выбар сталіцы бальшавікамі прыпаў на Харкаў, паколькі ў Кіеве бальшавікі мелі слабыя пазіцыі і ён знаходзіўся бліжэй да фронту, што ў суме магло давесці да рэальнага, а не дэкларатыўнага самакіравання УССР[1]. Сталічны статус Харкава на нейкі час змесціў сюды цэнтр культурнага жыцця Савецкай Украіны, з гэтым перыядам звязаныя такія з’явы як Харкаўскі правапіс і Расстралянае адраджэнне.

За межамі горада гэты тытул успрымаецца скептычна, паколькі на момант абвяшчэння Савецкай Украіны ўжо існувала Украінская Народная Рэспубліка са сталіцай у Кіеве, ды і наогул Кіеў традыцыйна быў культурным і палітычным цэнтрам Украіны пачынаючы з IX стагоддзя. Некаторыя крытыкі гэтага тытула называюць Харкаў «сталіцай Галадамору», бо толькі пасля знішчэння некалькі мільёнаў украінцаў бальшавікі наважыліся перанесці сталіцу ў Кіеў[2].

Гісторыя

19 снежня 1919 года была абвешчана Украінская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка. У супрацьлегласць Кіеву, які быў сталіцай УНР, сталіцай УССР быў абвешчаны Харкаў.

У гэты перыяд Харкаў бурна развіваўся. Для размяшчэння розных органаў дзяржаўнай улады быў пабудаваны адміністрацыйны цэнтр на плошчы Дзяржынскага (цяпер плошча Свабоды). Першым будынкам, які быў пабудаваны для гэтых функцый, стаў Дом дзяржаўнай прамысловасці (Дзяржпрам).

Пасля Дзяржпраму на акруглай частцы плошчы Дзяржынскага былі ўзведзены будынак Дому праектных і будаўнічых арганізацый (пасля рэканструкцыі — Харкаўскі дзяржаўны ўніверсітэт, цяпер — Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя В. Каразіна) і Дому кааперацыі (пазней — Ваенная акадэмія імя Говарава, цяпер — Нацыянальны ўніверсітэт імя В. Каразіна). На прамавугольнай частцы плошчы быў збудаваны гатэль «Інтэрнацыянал» (цяпер — «Харкаў»). З боку вуліцы Сумскай плошчу замкнуў будынак Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі УССР (знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны).

За 7 км ад усходняй ускраіны Харкава (цяпер тэрыторыя горада) у 1930 годзе пачалося будаўніцтва Харкаўскага трактарнага завода — машынабудаўнічага гіганту савецкага перыяду.

У 1934 годзе сталіцу перанеслі ў Кіеў. Пры гэтым фактычна Харкаў захаваў сталічны статус да самой Вялікай Айчыннай вайны: пасля 1934 года ў горадзе працягвалі знаходзіцца шматлікія важныя наркаматы (міністэрствы) і агульнаўкраінскія ведамствы.

У ходзе Вялікай Айчыннай вайны, падчас другога вызвалення Харкава з 16 лютага па 10 сакавіка 1943 года, Харкаў часова, да вызвалення Кіева, ізноў стаў сталіцай Украінскай ССР. У Харкаў пачалі прыбываць дзяржаўныя ўстановы УССР, прыступілі да працы ЦК кампартыі УССР і Саўнаркам УССР. Аднак магутная групоўка войскаў праціўніка зноў акупавала Харкаў 10 сакавіка 1943 года. Органам улады давялося тэрмінова эвакуіравацца.

У 2009 годзе старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Уладзімір Літвін прапанаваў перанесці Канстытуцыйны Суд Украіны ў Харкаў[3].

Цікавыя факты

Гл. таксама

Зноскі

  1. 24.06.1934 — столицю радянської України перенесено з Харкова до Києва Архівавана 7 лютага 2019.
  2. Харків — столиця Голодомору Архівавана 20 студзеня 2011.
  3. Літвін прапанаваў перанесці Канстытуцыйны Суд у Харкаў (руск.)
Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·1930-я ў Харкаве
Катэгорыя·1920-я ў Харкаве
Катэгорыя·Гісторыя Харкава
Катэгорыя·1919 год у Харкаве