wd wp Пошук:

Пердыка II

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Пердыка. Пердыка II — македонскі цар, які кіраваў у 454 — 413 г. да н.э.. Прымаў актыўны ўдзел у Пелапанескай вайне паміж Афінамі і Спартай.

Манеты ў 4 аболы цара Пердыкі II

Пердыка быў сынам цара Аляксандра I, пасля смерці якога адняў уладу ў старэйшых братоў Філіпа і Алкета. Паводле сведчання Фукідыда, Пердыка быў спачатку сябрам і саюзнікам афінян, а потым пасварыўся з імі з-за таго, што яны заключылі саюзы з яго ворагамі — старэйшым братам Філіпам, якога ён адхіліў ад прастола і якога падтрымліваў адрыскі цар, і элімейскім князем Дэрдасам з Верхняй Македоніі. Па ходзе Пелапанескай вайны Пердыка неаднаразова мірыўся з афінянамі, але потым ізноў уступаў з імі ў вайну, калі гэта ўваходзіла ў яго планы.

Зрэшты, пасварыўся ён і са сваімі саюзнікамі — спартанцамі. Падчас сумеснага паходу супраць македонскага племя лінкестаў гопліты спартанскага палкаводца Брасіда, узлаваныя ўцёкамі войска Пердыкі, перабілі частку саюзных македонцаў і разрабавалі іх маёмасць[1].

Не зрабіўшы значных зямельных набыццяў, Пердыка II усё ж захаваў цэласнасць краіны пад пагрозай магутнага адрыскага царства ў Фракіі і паменшыў уплыў Афін на ўзбярэжжы, жыццёва важным для Македоніі. Паводле апісання Фукідыда пастаянная армія Пердыкі складалася з коннай дружыны, колькасцю не больш за адну тысячу вершнікаў, і наёмнай пяхоты з варвараў. Пердыка перамагаў больш з дапамогай войнаў, якія распальваліся ім паміж суседзямі і грэчаскімі дзяржавамі, чым сваёй уласнай зброяй.

Ад наложніцы Пердыка меў сына Архелая, які пазней захапіў уладу, і іншага сына ад жонкі Клеапатры, які загінуў, як лічылі ў Грэцыі, ад рук Архелая ў 7-гадовым узросце .

Зноскі

  1. Фук., 1.56—62

Бібліяграфія

Папярэднік:
Аляксандр I
Македонскі цар
454 — 413 г. да н.э.
Пераемнік:
Архелай
Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Памерлі ў 413 годзе да н.э.
Катэгорыя·Нарадзіліся ў V стагоддзі да н.э.
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Цары македонскія
Катэгорыя·Удзельнікі Пелапанескай вайны
Катэгорыя·Кіраўнікі Еўропы V стагоддзя да н.э.