У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых людзей з імем Педра II.
Педра II Каталік (ісп.: Pedro II el Católico, катал.: Pere el Catòlic; 1174[4] або 1176[5] — 12 верасня 1213, бітва пры Мюрэ) — кароль Арагона, граф Барселоны, Жэроны, Асона, Безалу, Сердані і Русільёна, Паларса і Рыбагорсы з 1196 года, сеньёр Манпелье з 1204 года, першы васал Рымскага Папы сярод арагонскіх каралёў, актыўны барэц з маўрамі і ўдзельнік падзей альбігойскага крыжовага паходу.
Бацькам Педра быў Альфонса II, сын графа Барселонскага (ён першапачаткова насіў імя Райман Берэнгер), першы агульны манарх Арагона і Каталоніі і заснавальнік Барселонскай дынастыі арагонскіх каралёў, маці — Санча Кастыльская (1154—1208), дачка караля Кастыліі Альфонса VII.
Педра II узыйшоў на прастол пры вельмі крытычных акалічнасцях у 1196 годзе пасля смерці бацькі. Пашырэнне арагонска-каталонскіх уладанняў на тэрыторыі Паўднёвай Францыі, дзе беспарадкі былі пастаяннымі, надзвычай ускладняла палітычнае становішча. У 1197 годзе ён выдаў закон супраць ератыкаў, які прадпісваў ім пакінуць каралеўства (акрамя горада Барселоны) пад страхам спалення на вогнішчы.
У 1200 годзе Педра II заключыў саюз з каралём Кастыліі Альфонса VIII і каралём Леона Альфонса IX супраць Навары; напаўшы на апошнюю, саюзнікі адабралі ў яе шэраг тэрыторый.
4 лютага 1204 года Педра Арагонскі па ўласнай ініцыятыве прынёс у Рыме васальную прысягу Папе Інакенцію III. Папа Рымскі каранаваў яго і пасвяціў у рыцары; тым самым каралеўства Арагона і Каталоніі апынулася ў васальнай залежнасці ад Пап. Педра II абавязаўся выплачваць штогадовую даніну Святому Прастолу, весці барацьбу за выгнанне маўраў з Пірэнейскага паўвострава —- Рэканкісту і змагацца з ератыкамі. За гэта ён атрымаў тытул «абаронца веры» (difensore della Fede) і мянушку Каталік.
Дакладна не вядомыя сапраўдныя матывы, якія заахвоцілі Педра пайсці на такую навіну, якая ішла насуперак звычаямі Арагонскага каралеўства і Барселонскага графства. Відавочным ці афіцыйным, як мы сказалі б цяпер, матывам было, відаць, імкненне атрымаць падтрымку Папы і дапамога генуэзцаў і пізанцаў — уладальнікаў вялікіх флотаў — для заваявання Балеарскіх астравоў. Таксама цалкам верагодна, што Педра II, абапіраючыся на падтрымку Папы, жадаў вырашыць больш выгодным для сябе чынам палітычныя праблемы, звязаныя з паўднёвафранцузскімі тэрыторыямі. Там жа ў Рыме ён дамовіўся пра заручыны выхаванца Папы Рымскага Фрыдрыха Гогенштаўфена, рымскага караля і караля Сіцыліі (будучага імператара Фрыдрыха II), са сваёй сястрой Канстанцыяй Арагонскай. Шэраг прадстаўнікоў арагонскай знаці і гарадоў выказалі незадаволенасць гэтай прысягай, але кароль не саступіў пад іх ціскам.
У тым жа 1204 годзе Педра II узяў шлюб з Марыяй дэ Манпелье, дачкой Гільёма VIII, сеньёра Манпелье. Тым самым Педра далучыў да Каталоніі феод Манпелье[6]. Ад гэтага саюза нарадзілася двое дзяцей — Санча (1205—1206) і Хаймэ (1208—1276), які атрымае ў спадчыну прастол і ўвайшоў у гісторыю як Хаймэ I Заваёўнік. Але кароль абыходзіўся з жонкай так дрэнна, што яна паехала ў Рым жаліцца на яго. Тым часам ён запатрабаваў разводу, але ў 1213 годзе Марыя дэ Манпелье памерла ў Рыме; хадзілі чуткі, што Педра падаслаў да яе атручальнікаў.
Асноўны артыкул: Бітва пры Лас-Навас-дэ-Талоса У 1212 годзе Папа Рымскі Інакенцій III абвясціў на Пірэнейскім паўвостраве крыжовы паход супраць маўраў — у гэтым выпадку дынастыі Альмахадаў, якія валодалі шматлікімі землямі на паўвостраве. Паход узначаліў кастыльскі кароль Альфонс VIII, яго падтрымалі каралі Арагона, Леона, Партугаліі і Навары, магістры рыцарскіх ордэнаў і шматлікія рыцары як з Іспаніі, так і з Паўднёвай Францыі.
Бітва адбылася 16 ліпеня 1212 года. Педра II, які прывёў 3000 рыцараў і атрад арбалетчыкаў, камандаваў у ім левым крылом крыжакоў. У выніку бітвы халіф Альмахадаў Якуб ан-Насір пацярпеў разгромнае паражэнне. Бітва пры Лас-Навас-дэ-Талоса стала найважнейшым этапам Рэканкісты.
Асноўны артыкул: Альбігойскі крыжовы паход
У 1209 годзе той жа Папа абвясціў крыжовы паход супраць ератыкаў Паўднёвай Францыі — альбігойцаў і іх заступнікаў, у тым ліку графа Раймунда VI Тулузскага, які даводзіўся зяцем Педра II у якасці мужа яго сястры Элеаноры. У Педра былі і іншыя інтарэсы ў Паўднёвай Францыі, а таксама шэраг васалаў. Спачатку ён прытрымліваўся нейтралітэт у адносінах да крыжакоў; калі яны падступілі да Каркасону, ён паспрабаваў уступіцца за свайго васала — віконта Раймунда-Ражэра Транкавеля, які схаваўся там, але нічога не дамогся. У 1211 годзе ён нават прыняў ад правадыра крыжакоў Сімона дэ Манфора васальную клятву за віконцтва Каркасон, аднятае ў Транкавеля. Ён паабяцаў ажаніць свайго сына Хаймэ на дачцы Манфора Аміцыі і ў пацверджанне гэтага аддаў апошняму сына ў закладнікі. Але ў 1212 годзе, пасля паходу на маўраў, ён па просьбе Раймунда VI і гараджан узяў пад сваё заступніцтва Тулузу. Напачатку 1213 года ён заступаўся за феадалаў Лангедока перад царкоўным саборам, скліканым у Лаворы, але беспаспяхова. І тады Педра II падняў зброю ў іх абарону.
12 верасня 1213 года пад замкам Мюрэ, абложаным арагонцамі ў саюзе з атрадамі графаў Фуа і Тулузы, адбылася бітва паміж войскамі Педра II і Сімона дэ Манфора. Крыжакі перамаглі; сам кароль Педра загінуў у баі.