Партызанская брыгада імя Ленінскага камсамола — партызанская брыгада, створаная ў верасні 1943 года на базе атрада імя Ленінскага камсамола, арганізаванага ў сакавіку 1943 года. Дзейнічала на акупіраванай тэрыторыі Васілішкаўскага, Радунскага, Шчучынскага раёнаў. 11 ліпеня 1944 года брыгада (462 партызаны, 4 атрады) злучылася з Чырвонай Арміяй.
Партызаны вялі агітацыйна-масавую работу сярод мясцовага насельніцтва, разбілі нямецкія гарнізоны ў вёсках Азёры і Кобраўцы Васілішкаўскага раёна, знішчылі 22 нямецкія маёнткі. Праводзілі дыверсіі на чыгунках Вільнюс — Гродна і Гродна — Ліда.
У 1965 годзе ў Лідзе ў гонар брыгады была пастаўлена стэла.