wd wp Пошук:

Наўгародская школа дойлідства

Георгіеўскі сабор Юр'ева манастыра, першая палавіна XII ст.

Наўгаро́дская шко́ла до́йлідства — адна з найбольш значных школ старажытнарускага дойлідства 12—15 стагоддзяў.

Гісторыя

Царква Спаса на Ільіне вуліцы ў Ноўгарадзе, XIV ст.
Георгіеўская царква ў Старой Ладазе, другая палавіна XII ст.

Склалася ў г. Ноўгарадзе і яго ўладаннях у феадальны перыяд. Самыя раннія яе помнікі (Наўгародскі Сафійскі сабор, 1045—1050; Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра[ru], 1119) па тэхніцы ўзвядзення і кампазіцыі набліжаліся да кіеўскіх храмаў з уласцівымі ім манументальнай прастатой і кампактнасцю аб’ёмаў.

З сярэдзіны 12 ст. будавалі пераважна невялікія чатырохстаўповыя храмы, якія служылі прыходскай царквой вуліцы або дамавой заможнага баярына. На іх хорах звычайна размяшчалі маленькія прыдзелы, прысвечаныя патрону заказчыка. У якасці будаўнічых матэрыялаў выкарыстоўвалі вапняковыя пліты з цаглянымі праслойкамі, якія звонку заставаліся незацертымі. Гэта абмяжоўвала разнастайнасць дэкаратыўнага аздаблення пабудоў. Да помнікаў гэтага перыяду належаць цэрквы Георгіеўская[ru] і Успенская[ru] ў Старой Ладазе (2-я пал. 12 ст.), Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе (1198) і інш.

З канца 13 ст. дойліды імкнуліся ўзмацніць выразнасць архітэктурнай кампазіцыі (цэрквы Міколы на Ліпне[ru], 1292; Успення на Волатавым полі[ru], 1352).

У 14—15 стст. склаўся класічны тып багата дэкарыраванага наўгародскага храма. У ліку дэкаратыўных элементаў пераважалі лапаткі, шматлопасцевыя абрысы асноўных аб’ёмаў, разнастайныя нішы, броўкі, паўвалікі, дэкаратыўныя крыжы і іншае. (цэрквы Фёдара Страцілата на Ручаі[ru], 1360—1361; Спаса на Ільіне вуліцы[ru] ў Ноўгарадзе, 1374; Пятра і Паўла ў Кажэўніках[ru], 1406).

З 2-й палавіны 15 ст. ў архітэктуры Наўгародскай школы дойлідства праявіліся кансерватыўныя тэндэнцыі, звязаныя з адмаўленнем наўгародскіх баяр уключэння Ноўгарада ў Рускую цэнтралізаваную дзяржаву. З канца 15 ст. школа страціла сваю адметнасць і развівалася ў агульным рэчышчы рускай культуры.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (6):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю з назвай артыкула
Катэгорыя·Наўгародская зямля
Катэгорыя·Вялікі Ноўгарад
Катэгорыя·Старажытнаруская архітэктура
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара