wd wp Пошук:

Нарангасет

Нарангасет (саманазва: Nahahiganseck) — алганкінскі народ, карэнныя насельнікі ЗША. У нашы дні жывуць пераважна ў Род-Айлендзе. Агульная колькасць — каля 2 400 чал.

Да пачатку XVII ст. нарангасет насялялі частку ўзбярэжжа Новай Англіі. Першы кантакт з еўрапейцамі быў усталяваны ў 1524 г., калі іх землі наведала экспедыцыя Джавані да Верацана. У 1636 г. правадыры нарангасет продалі частку сваіх зямель англійскім каланістам. У наступным годзе прынялі ўдзел у вайне з пеквот на баку англічан. У 1640-ыя гг. вялі вайну супраць моэган, саюзнікаў англічан, аднак пацярпелі паражэнне.

Падчас вайны Караля Філіпа спярша захоўвалі нейтралітэт, але былі абвінавачаны каланістамі ва ўкрывальніцтве вампаноаг. 19 снежня 1675 г. англійскае апалчэнне першым зрабіла напад на ваенны лагер нарангасет у Род-Айлендзе, аднак большасць дарослых воінаў збегла, аставіўшы толькі старых і дзяцей. У лютым 1676 г. нарангасет прымалі ўдзел у вынішчэнні англійскіх паселішчаў, рабілі напады на прыгарады Бостана, але з-за хвароб і нястачы пораху былі вымушаны перайсці да абароны. У сакавіку загінуў іх правадыр Кананчэт, пасля чаго воіны нарангасет змяшаліся з іншымі індзейскімі плямёнамі. Большасць палонных была ператворана ў рабоў.

Адраджэнню нарангасет спрыяла місіянерская дзейнасць. У 1740-ых гг. пры дапамозе каланістаў быў пабудаваны пратэстанцкі касцёл нарангасет. 3 акры зямлі, вылучаныя для яго пабудовы, сталі галоўнай родавай маёмасцю племені. Нягледзячы на значную асіміляцыю, вольныя нарангасет і рабы захоўвалі сваю племянную тоеснасць. Канчаткова рабства было адменена толькі падчас Грамадзянскай вайны.

У 1983 г. нарангасет былі прызнаны як аўтаномная нацыя з боку ўрада ЗША. Іх рэзервацыя ўключае 7,3 км² тэрыторый. Акрамя таго, нацыя нарангасет валодае іншымі землямі і маёмасцю ў ЗША.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (2):
Катэгорыя·Народы ЗША
Катэгорыя·Алганкіны