Мірасла́вас[1] (літ.: Miroslavas, традыцыйная беларуская назва — Міраслаў) — вёска ў Алітускім раёне Алітускага павета Літвы. Цэнтр Міраславаскай сянюніі. Размешчана за 12 км на захад ад Алітуса. Насельніцтва на 2011 год — 382 чалавекі.
Упершыню Міраслаў упамінаецца ў XVII ст. У гэты час ён уваходзіў у склад Троцкага павета Троцкага ваяводства.
У XVIII ст. Міраслаў атрымаў статус мястэчка. У 1719 годзе тут збудавалі драўляны касцёл.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе Міраслаў апынуўся ў складзе Прусіі, у 1807 годзе згодна з Тыльзіцкім мірным дагаворам — у складзе Расійскай імперыі, у Сейненскім павеце Сувалкаўскай губерні.
На 1827 год у Міраславе было 33 будынкі.
Пасля польска-літоўскіх баёў і падпісання пагаднення паміж міжваеннай Польскай Рэспублікай і Літвой у 1919 годзе Міраслаў апынуўся ў складзе Літвы. У часы Другой сусветнай вайны з чэрвеня 1941 да 1944 года мястэчка знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Рэйха.