wd wp Пошук:

Мікола Сямашка

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сямашка. Мікола Сямашка (Мікалай Пятровіч; 1914, вёска Барылы (пазней злілася з вёскай Катушанкі) Полацкі раён, Віцебская вобласць — 1941, пад Оршай) — беларускі паэт. Брат Сцяпана Сямашкі.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння сямігодкі працаваў у ветрынскай раённай газеце. У 1939 г. мабілізаваны ў Савецкую Армію, удзельнічаў у паходзе ў Заходнюю Беларусь. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны — на фронце.

Загінуў у 1941 г. пры абароне Оршы.

Творчасць

Першы верш апублікаваў у 1926 г. (газета «Чырвоная Полаччына»). Аўтар зборніка паэзіі «Шчырасць» (1939). У сваіх лепшых вершах ён натхнёна апяваў хараство роднага краю («Пачатак лета», «Дождж прайшоў», «Вечар на возеры», «Добры дзень, мой верасень багаты»), выказваў захапленне велічнай, магутнай Айчынай і гатоўнасць ісці за яе «ў смяротны бой» («3 вершаў аб Радзіме», «Чырвоная зорка», «У дазоры», «Граніца»). Калі ў грамадзянскіх вершах М. Сямашкі, дзе ў духу часу ўслаўляўся правадыр і сацыялістычнае будаўніцтва, дамінуе пафаснасць, дэкларацыйнасць, то ў вершах асабістых, інтымных адчуваецца глыбокае лірычнае пачуццё, роздум, падмацаваныя канкрэтным жыццёвым вопытам («Жыццё нам б’е сваім чалом», «Ты выйдзі ў сад», «Непарушнае слова», «Студэнтцы»). У многіх вершах Мікалая Сямашкі назіраецца ўплыў фальклорнай паэтыкі, што робіць іх фактуру празрыстай, лёгкай, стварае сюжэтную канву («Дзявочая», «Чаканне», «Чакаючы пісьма», «Дарэмныя трывогі»). Знаёмства М. Сямашкі з рэчаіснасцю Заходняй Беларусі адбілася ў яго нарысах, а таксама вершах («Беспрацоўны», «Як сцюдзёны насунецца змрок», «Я чую твой голас здалёку»), напісаных з афіцыйных ідэалагічных пазіцый. Некаторыя з яго вершаў перакладзены на рускую мову[1].

Зноскі

  1. Сямашка Мікалай Пятровіч

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (10):
Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без нумароў старонак
Катэгорыя·Паэты Беларусі
Катэгорыя·Памерлі ў 1941 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без назвы артыкула
Катэгорыя·Памерлі ў Аршанскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1914 годзе
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Спасылкі на Беларускую энцыклапедыю без аўтара
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Полацкім раёне