wd wp Пошук:

Мікола Імполевіч Канаш

Мікола Канаш (15 лістапада 1926 — 29 кастрычніка 2006) — беларускі грамадскі дзеяч. Сябра Саюза беларускай моладзі у Другую сусветную вайну, вязень ГУЛАГа, сулагернік Ларысы Геніюш і публікатар яе вершаў.

Біяграфія

Нарадзіўся 15 лістапада 1926 года ў в. Азярава Браслаўскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы. Пачатковую асвету атрымаў на Браслаўшчыне. У Другую сусветную вайну пераехаў у Паставы, дзе вучыўся ў Пастаўскай настаўніцай семінарыі. Там жа далучыўся да Саюза беларускай моладзі.

Потым служыў у Чырвонай Арміі, дзе падчас падчас камандзіроўкі быў арыштаваны і асуджаны на 25 гадоў за ўдзел у Саюзе беларускай моладзі. Пакаранне адбываў у Інце (Комі АССР). У лагеры пазнаёміўся і сябраваў з вядомай паэткай Ларысай Геніюш. У лагеры перадаваў вершы Ларысы Геніюш, перапісаныя на папяроснай паперы, выкарыстоўваючы самы розныя вынаходкі, адной з якіх быў кавалак вугалю з сакрэтам. Там жа пазнаёміўся з сябрам падпольнай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі, паэтам Віталём Губарэвічам, чые вершы перадаваў Ларысе Геніюш для ацэнкі, а таксама з іншым удзельнікам СБМ — Пятром Рашэтнікам.

Пасля вызвалення мусіў застацца ў высылцы ў Комі АССР працаваць у шахтах. Праў шмат гадоў пасля вызвалення атрымаў прапанову атрымаць кватэру і пуцёўку на адпачынак у Карлавых Варах, але ўзамен трэба было ў мясцовай газеце пакаяцца за сваё далучэнне да СБМ у маладосці — пазней Мікола Канаш казаў: «Не, і яшчэ раз не, адказаў я. Здраднікам радзімы не лічыў сябе ніколі». У высылцы Мікола Канаш сустрэў сваю будучую жонку — украінку Соф’ю, якую таксама асудзілі на 25 гадоў «за нацыяналізм», у прыватнасці за тое, што падняла з зямлі ліст, які кінуў на дол адзін з палонных байцоў Украінскай Паўстанскай Арміі, калону якіх гналі па вуліцы. Міколу і Соф’ю таемна павянчаў былы зняволены ўкраінскі ўніяцкі святар.

У 1973 г. Мікола Канаш атрымаў мажлівасць вярнуцца ў Беларусь, але з усіх гарадоў яго пагадзіліся прыняць толькі ў Жлобіне, дзе ён потым і жыў да канца жыцця. У 1990-я гады і пазней Мікола Канаш афіцыйна не далучаўся ні да якіх грамадскіх арганізацыяў у Жлобіне, але сябраваў з мясцовымі асяродкамі Беларускага Народнага Фронту і Таварыства беларускай мовы, моладзь з якіх, паводле Соф’і Канаш, стала наведвала кааператыўную кватэрку Канашаў.

Памёр 29 кастрычніка 2006 года ў Жлобіне.

Цікавыя факты

Зноскі

  1. http://futureofmuseums.eu/be/virtual-gallery/maxim-bahdanovich-harodna-museum-collections/subcollections/exhibit/?nr=1622 Архівавана 6 студзеня 2021. Hrodna Historical and Archaeological Museum

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (14):
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Рэпрэсаваныя савецкай уладай
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў 2006 годзе
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Памерлі ў Жлобіне
Катэгорыя·Члены Саюза беларускай моладзі
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1926 годзе
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Браслаўскім павеце (1920—1940)
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Браслаўскім раёне
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з вікі-разметкай у малюнку карткі
Катэгорыя·Нарадзіліся 15 лістапада
Катэгорыя·Памерлі 29 кастрычніка