У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Кукраш. Мікалай Патапавіч Ку́краш (нар. 15 мая 1928, в. Закальное, Любанскі раён, Мінская вобласць) — беларускі вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Доктар сельскагаспадарчых навук (1987). Муж Лідзіі Міхайлаўны Кукраш.
Нарадзіўся ў шматдзетнай сям’е. У 1947 годзе быў прызваны ў Савецкую Армію. Скончыў у 1958 годзе БСГА. У 1958—1994 гадах працаваў у Беларускім НДІ земляробства і кармоў, дзе спачатку быў малодшым, у 1960 годзе стаў старшым, а ў 1988 годзе — вядучым навуковым супрацоўнікам. У 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю[1]. Паспяхова абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Пути повышения эффективности удобрений в условиях интенсивной химизации дерново-подзолистых суглинистых почв»[2]. Разам з супрацоўнікамі у 1990 годзе падрыхтаваў аграпашпарт гатунку «Дар Белоруссии». Член Саветаў па абароне доктарскіх і кандыдацкіх дысертацый у Беларускім НДІ земляробства і кармоў і БСГА[3]. Навуковыя працы вучонага прысвечаны павышэнню ўрадлівасці глебы, тэхналогіі вырошчвання збожжавых культур.