wd wp Пошук:

Мікалай Аляксеевіч Козенка

Мікалай Аляксеевіч Козенка (нар. 9 сакавіка 1951; в. Целепуны (цяпер у складзе г. Мазыр), Беларусь) — збіральнік, даследчык і папулярызатар беларускай народнай танцавальнай культуры, этнахарэограф, этнапедагог, арганізатар фальклорных фестываляў «Беларуская полька», «Берагіня», «Мяцеліца». Сёння Мікалай Козенка з’яўляецца лідарам [1] у даследаванні і папулярызацыі беларускай народнай танцавальнай культуры.[2]

Біяграфія

Дзяцінства

Мікалай Козенка нарадзіўся 9 сакавіка 1951 года у в. Целепуны (якая ўвайшла ў склад г. Мазыра) Гомельскай вобласці Беларускай ССР у сям’і рабочага. Бацька Козенка Аляксей Мікітавіч (1908 — 07.09.1957). Маці Козенка Еўдакія Ісакаўна (14.03.1917 — 25.09.1988), у дзявоцтве Сіраш, кіраўніца паляводчай брыгады калгаса «Радзіма».

Хата, дзе нарадзіўся Мікалай Козенка ўжо не існуе. Дзяцінства правёў у доме на вул. Матросава, 19. У 1966 скончыў васьмігадовую школу-інтэрнат г. Мазыра, дзе сярод іншых быў абраны ў танцавальны гурток. Ужо праз год заняткаў прадстаўляў установу і г. Мазыр на абласным аглядзе харэаграфічнага мастацтва ў г. Гомелі. Танцавалі «Беларускую польку», «Лявоніху» ў пастаноўцы А. А. Рыбальчанкі і «Матроскае яблычка» ў пастаноўцы кіраўніка калектыву Уладзіміра Мікалаевіча Авер’янава. Акампанаваў на баяне Мікалай Аляксеевіч Ляўковіч. Але калектыў праіснаваў усяго год. Па запрашэнню Мікалай Козенка пераходзіць у танцавальны калектыў Дома піянераў. Яго кіраўніком была Ніна Вячаславаўна Глінкіна. Школьную адукацыю працягнуў у 9-м класе Мазырскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 1. Яшчэ будучы вучнем распачаў працоўную дзейнасць у калгасе «Радзіма» (на Мазыршчыне). На цягу чатырох год баранаваў, абганяў бульбу, касіў, ставагаў сена і салому.[3]

Адукацыя і праца

З 1967 па 1970 гады вучыўся ў Магілёўскім культасветвучылішчы на аддзяленні харэаграфіі. Пасля заканчэння быў запрошаны на працу ў Дом культуры Магілёўскага аўтамабільнага завода імя С. М. Кірава на пасаду кіраўніка дзіцячага харэаграфічнага калектыву. Адначасова па сумяшчальніцтву працуе выкладчыкам харэаграфічных дысцыплін у культасветвучылішчы (1971—1972). З 1972 па 1974 гады служыць артыстам балета ў ансамблі песні і танца Беларускай ваеннай акругі (г. Мінск). У 1974 годзе Мікалай Козенка паступае на харэаграфічнае аддзяленне Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры. Паспяхова яго сканчае ў 1978 годзе, атрымаўшы дыплом па спецыяльнасці «культасветработа», спецыялізацыя «выкладчык харэаграфічных дысцыплін» [4]. Па заканчэнні інстытута працуе выкладчыкам кафедры харэаграфіі ў Мінскім інстытуце культуры (сёння Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў): на асноўнай рабоце (1978—1979), па сумяшчальніцтву (да 1988) [4].

З 1979 па 1992 гады працуе ў Рэспубліканскім навукова-метадычным цэнтры культуры на пасадах загадчыка аддзела харэаграфічнага мастацтва, намесніка дырэктара, вядучага навуковага супрацоўніка. У 1992 годзе у сувязі з рэарганізацыяй РНМЦК у Беларускі дзяржаўны інстытут праблем культуры (БелДІПК), запрошаны ў новаўтвораную ўстанову на пасаду старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі традыцыйнага мастацтва. У 1995—1996 гады паралельна працуе загадчыкам Чачэрскага раённага цэнтра рамёстваў, этнаграфіі і фальклору, выкладчыкам танца ў Чачэрскай дзіцячай музычнай школе Гомельскай вобласці. У 1996—1997 гадах выкладчыкам Вялікаўхалодскай школы мастацтваў. З 1996 года настаўнікам рытмікі і танца, кіраўніком узорнага (2001) і Заслужанага (2012) аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь фальклорнага гурту «Берагіня» ў Мётчанскай адукацыйна-выхаваўчай установе «Школа-садок» Барысаўскага раёна Мінскай вобласці [4]. З 1997 па 1998 гады працуе вядучым спецыялістам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 1998 годзе працягвае адукацыю ў аспірантуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1998 па 1999 гады займае пасаду мастацкага кіраўніка Нацыянальнага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Рэспублікі Беларусь. З 1999 на асноўнай працы ў БелДІПК. З 2006 года працуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на кафедры этналогіі і фальклору на пагадзіннай аснове. З рэарганізацыяй БелДІПК у Інстытут павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў (ІПКПК) Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКМ) з 2008 па 2010 гады працуе на пасадзе метадыста аддзела інавацыйных тэхналогій у сацыякультурнай дзейнасці. У сувязі з ліквідацыяй ІПКПК перайшоў працаваць у Інстытут культуры Беларусі, дзе працуе і сёння.[5]

Сям’я

8 ліпеня 1978 узяў шлюб з Алай Мікалаеўнай Сёмінай (нар. 5 чэрвеня 1947, г. Масква). 2 верасня 1982 года ў іх нарадзілася дачка Алеся. У 2006 г.яна закочыла Міжнародны гуманітарна-эканамічны інстытут (Мінск), абраўшы прафесію эканаміста; у 2012 г. – Маскоўкі дзяржаўны будаўнічы ўніверсітэт па спецыяльнасці інжэнер-будаўнік. З 27 ліпеня 2002 г. знаходзіцца ў шлюбе з Аляксандрам Аляксандравічам Каваленкам (22.03.1979 г.н.). У іх сям’і нарадзіліся дзеці: Каваленка Кацярына Аляксандраўна (27.09.2013), Глеб Аляксандравіч (10.09.2014). Мікалай Козенка за другім разам узяў шлюб (10 сакавіка 2007) з Тамарай Барысаўнай Варфаламеевай (23.06.1947 г.н.), знакамітым беларускім этнамузыколагам.

На ніве фальклору

У 1980-90-х гг. Мікалай Козенка даследуе традыцыйную культуру Чачэрскага раёна. На аснове даследчых матэрыялаў падрыхтаваў рукапіс «Чачэрскі фальклор (пераважна харэаграфічны) у сучасных запісах» з фотаздымкамі, малюнкамі, нотнымі дадаткамі. Гэта ўнікальны матэрыял аб’ёмам каля адной тысячы старонак, які дагэтуль не надрукаваны.[6]

Мікалай Козенка аўтар і суаўтар каля 30 відэафільмаў і тэлесюжэтаў, кінастужкі «У Святыя вечары на Каляды» (Беларусьфільм, 1996), тэлецыкла «Чачэрскі альбом» (1995-96) і інш. З’яўляецца аўтарам больш за 170 публікацый, прысвечаных аўтэнтычнаму і аматарскаму танцавальнаму фальклору. Сярод якіх манаграфія «Лексіка беларускага народна-сцэнічнага танца. Ч. І. Паставы рук» (1993), зборнікі «Танцавальная музыка Беларусі» (15 выпускаў), «Беларускія народныя танцавальныя песні» (4 выпускі), «Беларускі народны танец: традыцыі і сучаснасць. Магілёўшчына», раздзелы «Танцавальны фальклор», « Народная інструментальная музыка», «Народныя гульні» ў грунтоўным шасцітомным (10 кн.) навуковым выданні «Традыцыйная мастацкая культура Беларусаў», брашуры і артыкулы ў навуковых, навукова-папулярных і даведачных выданнях Беларусі і Расіі, вучэбныя праграмы і метадычныя дапаможнікі. Арганізатар і кіраўнік рэспубліканскіх семінараў, круглых сталоў, дыскусій па праблемах беларускай народнай харэаграфіі [4].

Пад канец ХХ ст. Мікалаем Козенкам падрыхтавана праграма адраджэння беларускай харэаграфічнай аўтэнтыкі. Мэтай праекту з’яўляецца далучэнне дзяцей і моладзі да каштоўнасцей традыцыйнай культуры, фарміраванне самадастатковай творчай асобы. Створана стратэгія іх вяртання ў сучасны побыт і культуру традыцыя народнай харэаграфіі, спеўнага і музычнага інструментальнага мастацтва.

Крокам у рэалізацыі праграмы становіцца заснаванне Мікалаем Козенкам і яго калегамі фальклорнага гурта «Берагіня» пры Мётчанскай школе-садку Барысаўскага раёна (кіраўнікі М.Козенка і А.Абрамовіч). Таксама ствараюцца цэнтры традыцыйнай творчасці ў Чачэрскім раёнё Гомельскай вобласці (вёскі Бабічы, Нісімкавічы, Меркулавічы, Бяляеўка, Палессе і інш.), Акцябрскім (г.п. Акцябрскі, вёскі Валосавічы, Рассвет, Чырвоная Слабада і інш.) раёнах Гомельскай вобласці, Барысаўскім раёне (в. Мётча) Мінскай вобласці.

Разам з установамі культуры і адукацыі, аматарамі фальклору Мікалаем Козенкам арганізоўваецца шэраг міжнародных і рэспубліканскіх фестывалей фальклору на Беларусі[4] :

Узнагароды

Бібліяграфія

Фільмаграфія

Зноскі

  1. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.152, 200-201
  2. гл. «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў». У 6 т. Т. І. Магілёўскае Падняпроўе, т. 2. Віцебскае Падзвінне, т. 3. Гродзенскае Панямонне. У 2 кн., т. 4. Брэсцкае Палессе. У 2 кн., т. 5. Цэнтральная Беларусь. У 2 кн., т. 6. Гомельскае Палессе і Падняпроўе. У 2 кн. (раздзелы «Інструментальная музыка», «Танцавальны фальклор», «Народныя гульні») (Мн.: Беларуская навука, Вышэйшая школа. 2001—2013)
  3. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.329
  4. 1 2 3 4 5 6 Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. Т.1: А капэла - Куцця / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2005. — 768 с.: іл.; С.699-700
  5. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.329-330
  6. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.330
  7. гл. перыядычныя выданні ў раздзеле «Бібліяграфія»
  8. Вячаслаў Калацэй. Хто, калі не я…: Да 60-годдзя Міколы Козенкі. — Мн.: Чатыры чвэрці, 2011. — С.332
  9. Указ «Аб прысуджэнні спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2014 года» № 650 ад 30 снежня 2014 года(недаступная спасылка)
  10. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 красавіка 2019 года № 163 «Аб узнагароджанні»

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (20):
Катэгорыя·Артыкулы пра тэатральных дзеячаў без партрэтаў
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1951 годзе
Катэгорыя·Выпускнікі МДІК
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Прозвішча»
Катэгорыя·Харэографы СССР
Катэгорыя·Вікіпедыя·Біяграфіі сучаснікаў
Катэгорыя·Вікіпедыя·Кінематаграфісты без IMDb
Катэгорыя·Выпускнікі Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў
Катэгорыя·Нарадзіліся ў Мазырскім раёне
Катэгорыя·Нарадзіліся 9 сакавіка
Катэгорыя·Узнагароджаныя медалём Францыска Скарыны
Катэгорыя·Выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Катэгорыя·Этнографы Беларусі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «І. Іпб. Прозвішча»
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з непрацоўнымі спасылкамі
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы пра асоб, для якіх не існуюць старонкі віду «Імя Прозвішча»
Катэгорыя·Харэографы паводле алфавіта
Катэгорыя·Харэографы Беларусі