Мэдысан Хабел (англ.: Madison Hubbell; нар. 24 лютага 1991, Лансінг, Мічыган, ЗША) — амерыканская фігурыстка, якая выступае ў танцах на лёдзе з Захары Донах’ю. Яны — сярэбраныя (2018) і бронзавыя (2019) прызёры чэмпіянату свету, пераможцы чэмпіянату чатырох кантынентаў (2014), пераможцы фіналу Гран-пры (2018), двухразовыя чэмпіёны (2018, 2019) і шматразовыя прызёры нацыянальных чэмпіянатаў, чэмпіёны свету ў складзе каманды ЗША (2019).
Хабел пачала займацца фігурным катаннем у пяць гадоў. Ва ўзросце васьмі гадоў перайшла ў танцы на лёдзе. З 2001 па 2011 гады выступала ў пары са сваім братам Кіферам Хабелам, з якім яны сталі бронзавымі прызёрамі чэмпіянату чатырох кантынентаў (2010), пераможцамі (2006) і сярэбранымі прызёрамі (2008) фіналу юніёрскага Гран-пры. У 2011 годзе пара аб’явіла аб спыненні супрацоўніцтва. З мая 2011 года па цяперашні час выступае ў пары з Захары Донах’ю.
Станам на 7 лістапада 2021 года танцавальная пара займае 1-е месца ў рэйтынгу Міжнароднага саюза канькабежцаў.