Мылінскае (Мыленскае) возера — возера ў Расонскім раёне Віцебскай вобласці Беларусі на мяжы з Пскоўскай вобласцю Расіі ў басейне ракі Чарапяціца, за 6 км на поўнач ад гарадскога пасёлка Расоны, каля вёскі Мылінкі (Расія).
Плошча паверхні 0,95 км², даўжыня 3,1 км, найбольшая шырыня 0,55 км, даўжыня берагавой лініі 6,7 км. Катлавіна возера моцна выцягнутая ў напрамку з захаду на ўсход. На возеры востраў. Возера Мылінскае праточнае. Праз возера працякае рака Чарапяціца (упадае пад назвай Межава) і злучае яго з Чарапёцкім возерам. Упадаюць таксама рэкі Галамяцец, Камлёўка і ручаі.