Мурчысонскі метэарыт (Мерчысонскі[1]; англ.: Murchison meteorite) — вуглісты хандрыт агульнай вагой 108 кілаграмаў[2]. Упаў 28 верасня 1969 года паблізу вёскі Мурчысон (англ.: Murchison), штат Вікторыя, Аўстралія. Пры падзенні адзін з фрагментаў прабіў дах сельскга будынка[3].
У 2020 г. у метэарыце былі знойдзеныя так званыя дасонечныя зярняты ўзростам 5-7 млрд. гадоў[4] — самае старое цвёрдае рэчыва на Зямлі[5].
Метэарыт змяшчае вялікую колькасць арганічных уключэнняў. У прыватнасці даследаванні 2008 года паказалі наяўнасць нуклеінавых асноў[6]. Сярод амінакіслот, выяўленых у матэрыяле метэарыта, пераважалі L-энанціёмеры[7][8]. У Мурчысонскім метэарыце і ў метэарыце NWA 801 (Марока) атрымалася выявіць арабінозу, ксілозы, ліксозу, рыбозу і некалькі гексоз[9]. Гэтыя знаходкі тлумачацца некаторымі навукоўцамі як пацверджанне таго, што ва ўзнікненні жыцця на Зямлі маглі ўдзельнічаць арганічныя злучэнні, прынесеныя з космасу з метэарытамі[10]
Акрамя таго, прыхільнік пансперміі А. Ю. Разанаў сцвярджае, што ў мурчысонскім метэарыце (роўна як і ў яфрэмаўскім) выяўленыя выкапнёвыя часцінкі нітчатых мікраарганізмаў, якія нагадваюць ніжэйшыя грыбы і якія захавалі дэталі сваёй клетачнай будовы, а таксама скамянелыя рэшткі нейкіх бактэрый[11]. Аналізаваліся пры гэтым псеўдамарфозы, створаныя тымі ці іншымі мінераламі, якія не адрозніваюцца па складу ад усяго астатняга матэрыялу метэарыта, а не сучасныя або фасілізаваныя рэшткі[12]. Аднак іншыя спецыялісты з такой высновай ня згодныя[11].