Морыц Міхаэль Дафінгер (ням.: Moritz Michael Daffinger; 25 студзеня 1790, Ліхтэнтале (цяпер Вена) — 21 жніўня 1849, Вена, Аўстрыйская імперыя) — аўстрыйскі мастак, мініяцюрыст, партрэтыст.
Нарадзіўся ў сям’і мастака па фарфоры. Ва ўзросце адзінаццаці гадоў быў прыняты вучнем на імперскую фарфоравую мануфактуру. З 1802 года навучаўся ў венскай Акадэміі мастацтваў. Вучань Генрыха Фрыдрыха Фюгера і Губерта Маўрэра. Працаваў мастаком на фарфоравай мануфактуры ў Вене.
З 1809 года займаўся пераважна партрэтным жывапісам, асабліва партрэтнай мініяцюрай. На яго творчасць аказаў уплыў мастак Томас Лоўрэнс.
Пісаў партрэты на фарфоры, пазней — на паперы і слановай косці. У 1830-1830-я гады карыстаўся вялікай папулярнасцю пры Аўстрыйскім двары і ў асяроддзі еўрапейскай арыстакратыі. Аўтар шматлікіх партрэтаў прадстаўнікоў шляхты, а таксама дзеячаў мастацтва і літаратуры, у тым ліку Р. Гагарына, Ф. Грыльпарцэра, А. Кановы, Г. Даніцэці, Д. Расіні, С. Тальберга і інш.
З 1812 года быў прыдворным мастаком-партрэтыстам у герцага К. фон Метэрніха.
Пасля смерці дачкі ў 1841 годзе прысвяціў сябе фларыстыцы.