У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Луіс.
Морыс Луіс, поўнае імя Морыс Луіс Бернштэйн (англ.: Morris Louis; 28 лістапада 1912, Балтымар, штат Мэрыленд — 7 верасня 1962, Вашынгтон) — амерыканскі мастак-абстракцыяніст, блізкі да стылю жывапісу каляровага поля.
У 1929—1933 гадах будучы мастак вывучае жывапіс у Інстытуце мастацтваў Мэрыленда, у Балтымары. У 1936 годзе ён пераязджае ў Нью-Ёрк, дзе працуе ў мастацкай майстэрні Давіда А. Сікейраса. У 1938 годзе скарачае сваё імя да Морыс Луіс.
З 1952 года Морыс Луіс — дацэнт у Вашынгтонскім цэнтры мастацтваў. У гэты перыяд адбываецца яго знаёмства з Кенетам Ноландам, з якім Морыса Луіса пасля звязваюць цеснае сяброўства і сумесная творчасць. Пры пасрэдніцтве вядомага арт-крытыка Клемента Грынберга абодва мастакі знаёмяцца з Элен Франкенталер і Джэксанам Полакам, творчасць якіх аказала прыкметны ўплыў на працы Ноланда і Луіса. Аднак за перыяд з 1953 па 1961 год Морыс Луіс, які вёў замкнёны лад жыцця, здолеў распрацаваць свой уласны мастацкі стыль.
Работы Морыса Луіса былі прадстаўлены на выстаўках сучаснага мастацтва дакумента 3 (1964) і 4 (1968) у нямецкім горадзе Каселі (пасмяротна).