wd wp Пошук:

Мельхіёр Гедройц

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гедройц.

Мальхер Матушавіч (Мельхіёр) Гедройц (~1536 — 6 красавіка 1609, Ворні, цяпер Варняй у Літве) — вялікалітоўскі магнат і рэлігійны дзеяч, біскуп жамойцкі, апякун літоўскага пісьменства.

Біяграфія

Паходзіў з літоўскага княжацкага роду Гедройцаў, які ў XVI стагоддзі ўжо не меў значнай палітычнай ролі ў дзяржаве. Бацька Мельхіёра, Мацей Гедройц, служыў пры двары каралевы Боны, з яе пратэкцыі быў намеснікам у Кернаве і Майшаголе, пазней маршалкам гаспадарскім. Маці — княгіня Ганна з Крошынскіх. Вучыўся ў Кёнігсбергскім, Вітэнбергскім, Цюбінгенскім, Лейпцыгскім універсітэтах, навуковай ступені не атрымаў.

Невядома, ці быў Мельхіёр Гедройц пратэстантам, але ўжо ў 1570-я гады напэўна быў каталіком, а ў 1571 годзе стаў святаром. Апекаваны віленскім біскупам Валерыянам Пратасевічам, у 1572 годзе атрымаў ад яго прызначэнне кусташам капітула. Пасля смерці жамойцкага біскупа Юрыя Пяткевіча (ліпень 1574 года) удзельнікі віленскай канвакацыі прапанавалі на яго месца М. Гедройца. Быў рукапаложаны ў сан жамойцкага біскупа 22 красавіка 1576 года ў Вільні, пры прызначэнні адзначаліся яго вялікія веды ў галіне кананічнага права і тэалогіі.

Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Вялікага Княства Літоўскага. Як сенатар вызначыўся на сеймах, неаднакроць узначальваў камісіі па ўстанаўленні дзяржаўных межаў і міру з Масквой. М. Гедройц таксама працаваў у скарбовым трыбунале, рэвізаваў гаспадарскую маёмасць. У гістарыяграфіі ацэньваецца як «літоўскі сепаратыст» (Станіслаў Хербст), «літоўскі патрыёт» (З. Івінскіс), адной з важнейшых мэтаў лічыў захаванне дзяржаўнасці Вялікага Княства Літоўскага пасля Люблінскай уніі.

Быў адным з самых актыўных біскупаў — прыхільнікаў контррэфармацыі, «другім хрысціцелем Жамойці». Згодна з пастанаўленнямі Трыдэнцкага сабору, шмат зрабіў для рэформаў у каталіцкім касцёле, спрыяў падрыхтоўцы літоўскамоўных святароў, выданню літоўскіх тэкстаў. За яго біскупствам, у 1603 годзе ў Жамойці быў заснаваны першы бернардынскі кляштар. Падараваў уласную бібліятэку (~100 кніг) езуіцкаму калегіуму ў Крожах. Часта наведваў парафіі, прапаведваў па-літоўску, сам слухаў споведзі вернікаў.

Пахаваны ў кафедральным саборы ў Ворнях.

Культурная дзейнасць

Для культурнай дзейнасці біскупа ў Жамойці характэрная, паводле З. Івінскіса, літоўская накіраванасць. Сваім коштам выдаў «Пастылу» (1599) Мікалая Даўкшы — першую літоўскую кнігу надрукаваную ў Вялікім Княстве Літоўскім, а таксама пераклад Катехізіса езуіта Лядэсмы («Катэхізіс, або навука, неабходная кожнаму хрысціяніну», 1595). Апекаваў Мацею Стрыйкоўскаму.

Адзіны вядомы твор аўтарства М. Гедройца — «Элегія на смерць Кацярыны Валовіч» (Elegia in mortem Catharinae Wolowicz, Regiomonti, 1561), праз змест твору бачна добрае веданне аўтарам антычнай і хрысціянскай літаратуры.

Зноскі

  1. Merkelis Giedraitis // CERL Thesaurus — Consortium of European Research Libraries. Праверана 9 кастрычніка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі (16):
Катэгорыя·Нарадзіліся ў 1536 годзе
Катэгорыя·Памерлі ў Літве
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных
Катэгорыя·Памерлі 6 красавіка
Катэгорыя·Пахаваныя ў Літве
Катэгорыя·Біскупы жамойцкія
Катэгорыя·Маршалкі гаспадарскія
Катэгорыя·Асобы
Катэгорыя·Вікіпедыя·Артыкулы з крыніцамі з Вікідадзеных
Катэгорыя·Выпускнікі Цюбінгенскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Гедройцы
Катэгорыя·Выпускнікі Кёнігсбергскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Выпускнікі Лейпцыгскага ўніверсітэта
Катэгорыя·Памерлі ў 1609 годзе
Катэгорыя·Гедройцы
Катэгорыя·Выпускнікі Вітэнбергскага ўніверсітэта