Мельнікаў Луг — жылы масіў у Цэнтральным раёне г. Гомеля. Умоўныя межы: рукаў прудкоўскага вяслярнага канала — мост — Валатаўское возера — бульвар газеты «Гомельская праўда» — вуліца Хатаевіча — чыгуначная каляіна[1][2]. Уключае мікрараёны № 16, № 17, № 18, № 19[3][4]. Разбудоўваецца на намыўных грунтах у пойме р. Сож з другой паловы 1980-х гадоў. Пачатак масіву паклаў праект мікрараёна № 17 (паводле тагачаснай тэрміналогіі — «Пралетарскі луг — 1»), распрацаваны архітэктарамі Я. Казловым, У. Свідуновічам і С. Крывашэевым у 1986 годзе[5]. Будаўніцтва працягваецца дагэтуль (станам на 2021 г.). Асноўныя вуліцы, апроч згаданых вышэй: Мазурава, Галавацкага, Кожара, Цімафея Барадзіна[1][2].
Па абшарах будучага Мельнікава Лугу ў часы Вялікага Княства Літоўскага праходзілі зямельныя межы вёсак Плеса (Плёсы) і Ваўковічы Гомельскага староства, а таксама прыватных шляхецкіх уладанняў Ляхаўскага абруба (1560 г.)[6]. Паплавы з сенажацямі і вадаёмы з «ловами рыбными» і «гонами бобровыми» цягам XVI-XVIII стст. станавіліся аб’ектамі шматлікіх межавых спрэчак[7]. Невядома, ці ўспрымалі тагчасныя жыхары Гомеля і наваколляў азначаную мясцовасць як нешта цэласнае, вартае асобнай назвы. Але ёсць верагоднасць, што адно з яе ўрочышчаў мела назву «Круглы Луг» («w […] Kruhłym Łuhu»)[8].
Прынамсі частку мясцовасці пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай атрымаў П. А. Румянцаў-Задунайскі ў якасці падаравання ад расійскай імператрыцы Кацярыны ІІ. Гэта вынікае з апісання зямельных меж населеных пунктаў Гомельскага староства, падараваных яму. Там згадваюцца аб’екты, што знаходзіліся на абшары будучага Мельнікава Лугу — рэчка Дзеўка, азёры Валатава і Дзядно[9]. У той жа час Плёсы з’яўляліся шляхецкай ваколіцай паноў Плескіх, а на зямлі «принадлежащей издревле» вёсцы Ваўковічы месціўся шэраг слабодак і хутароў шляхты (Усціновічы, Халецкі, Шынкевіч, Гурскі) і святарства (Трусевіч, Панкевіч)[10], якія тэарэтычна маглі прэтэндаваць на пэўныя ўрочышчы па-за межамі ўладанняў П. А. Румянцава-Задунайскага.
Вядома, аднак, што адны з найбольшых спрэчак на гэты конт выбухнулі паміж Плескімі і Харкевічамі з аднаго боку і Красінскімі і Гіжыцкімі — з другога (працэс 1782 г.). Зацятасць спрэчак і нежаданне гомельскіх шляхціцаў ісці адзін аднаму на кампраміс выявіліся настолькі моцнымі, што адзіным выйсцем стала рашэнне саступіць спрэчныя землі П. А. Румянцаву-Задунайскаму[11]. Апошняму, згодна з дакументамі генеральнага межавання 1784 г., належала значная частка азначанай мясцовасці, але землі пры лукавіне возера Валатава (сёння — безыменны востраў каля Старой Валатавы) значыліся за Іванам Плескім «съ протчими»[12][13].