У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Абагульненне. Маста́цкае абагульне́нне — выбар найбольш важнага, сутнаснага з адмаўленнем ад другасных акалічнасцей і дэталей у працэсе стварэння і на стадыі заканчэння мастацкага твора. Абумоўлена законамі мастацкай творчасці, якія патрабуюць пераходу ад аналізу да сінтэзу на этапе стварэння завершанага мастацкага вобраза, дзе прысутнічае адбор змястоўных сродкаў выразнасці.
Пряўляецца ў выяўленні галоўнага ў кампазіцыі праз падкрэсліванне яго танальнымі, каляровымі ідэйна-сэнсавымі кантрастамі.
На тэрыторыі Беларусі прыстунічае ў выяўленчай творчасці з першабытных часоў. Дазваляе перадаць самыя розныя сімвалічныя ідэі, у т.л. міфалагічнага светаўспрымання.
У X—XVII стст. у розныя перыяды Сярэднявечча і асабліва ў эпоху Адраджэння і барока для беларускага мастацтва былі характэрны вобразныя абагульненні, якія выяўляліся перадачы сакральных і свецкіх эстэтычных ідэалаў.
У XVIII-XIX стст., у перыяды класіцызму і рамантызму, мастацкае абагульненне акцэнтавала ўвагу на грамадзянскіх, дэмакратычных, жыццёва праўдзівых вобразных узорах.
У сімвалізме і мадэрне XIX — пачатку XX ст. мастацкае абагульненне прывяло да спалучэння рэальных і ідэалістычных пачаткаў у вытанчаных і лінеарна-гнуткіх сродках форматворчасці.
Асаблівасці мастацкага абагульнення XX — пачатку XXI ст. звязаны з нацыянальнымі, гуманістычнымі і наватарскімі ідэямі, якія немагчыма выявіць без дасягнення высокага ўзроўню выяўлення галоўнага і сутнаснага. Шматлікія мастацкія творы розных стагоддзяў запэўніваюць у непасрэднай сувязі мастацкай вобразнасці з гістарычна і стылістычна вызначанымі творчымі метадамі мастацкага абагульнення.