Масавае забойства на ваенным палігоне в/ч № 34670 ў Белгародскай вобласці — расстрэл салдат, які здарыўся 15 кастрычніка 2022 года на палігоне в/ч № 34670 каля сяла Солаты Валуйскага раёна Белгарадскай вобласці Расійскай Федэрацыі[1][2][3].
Паводле крыніц Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі, стральба адбылася падчас агнявой падрыхтоўкі добраахвотнікаў, якія рыхтуюцца да ўдзелу ва ўварванні ва Украіну[4][5], аднак шэраг расійскіх крыніц заявілі, што загінулі мабілізаваныя грамадзяне Расійскай Федэрацыі з Бранскай вобласці[5].
Падчас заняткаў па агнявой падрыхтоўцы адзін з вайскоўцаў, які да гэтага страляў па мішэнях, нечакана разгарнуў кулямёт у бяззбройны натоўп і адкрыў агонь. Разам з ім з аўтамата страляў яшчэ адзін чалавек[6]. Тыя, хто нападаў, былі забітыя снайперамі[7]. Адразу некалькі крыніц паведамілі аб тым, што страляніна адбылася яшчэ ў 10 ці 12 гадзін раніцы. Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі паведаміла пра падзею са шматгадзіннай затрымкай (паведамленне ў ТАСС з’явілася ў 22:22)[8].
Мінабароны Расійскай Федэрацыі паведаміла пра 11 загінуўшых і 15 параненых. Паводле паведамленняў іншых крыніц, колькасць загінулых розніцца ад 10 да 22 чалавек[9]. Мінабароны РФ сцвярджала, што пацярпелі добраахвотнікі, аднак іншыя крыніцы паведамлялі, што на палігоне размяшчаліся мабілізаваныя з Бранскай вобласці[10]. Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў у відэазвароце ўдакладніў, што сярод пацярпелых няма жыхароў вобласці[11][12].
Па факту падзеі Следчым камітэтам па Заходняй ваеннай акруге была распачата крымінальная справа аб масавым забойстве па артыкуле 105 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі[13].
У Мінабароны Расійскай Федэрацыі растрэл назвалі тэрактам[14].