Марта Дацкая (шведск.: Märta av Danmark; 1277, Данія — 2 сакавіка 1341 ці 3 кастрычніка 1341, Зеландыя) — каралева-кансорт Швецыі як жонка Біргера Магнусана. Ад нараджэння яе звалі Маргарыта (Маргрэтэ) Эрыксдотэр, але ў Швецыі яна была вядомая як Марта; у гісторыі яна засталася пад імем Марта Дацкая. Яна мела значны ўплыў на палітыку і была важнай дзеючай асобай у канфлікце Біргера са сваімі братамі.
Марта была дачкой караля Даніі Эрыка V і Агнесы Брандэнбургскай. Яе бацька быў забіты ў 1286 годзе, а маці, якая стала рэгентам, уступіла ў паўторны шлюб у 1293 годзе. Марта выйшла замуж за спадчынніка трона Швецыі Біргера у 1298 годзе[4]. За два гады да гэтага яе брат, кароль Эрык VI, ажаніўся з сястрой яе мужа, прынцэсай Інгеборгай Шведскай[4]. Шлюб быў арганізаваны калі яна была яшчэ дзіцем; неабходны дазвол ад таты быў атрыманы ў 1284 годзе[4]. Яна ў асноўным выхоўвалася пры каралеўскім двары Швецыі сваёй будучай свякрухай, каралевай-удавой Хельвіг Гальштэйнскай[4]. Як мінімум з 1295 года яна пражывала ў Швецыі пастаянна[4].
25 лістапада 1298 года яна пажаніліся на пышнай цырымоніі[4]. Марта і Біргер выраслі разам, і іх шлюб апісваецца як шчаслівы[5]. Яна мела вялікі ўплыў на мужа і дзяржаўныя справы. У 1299 годзе яна нарадзіла сына, які быў абвешчаны спадчыннікам пасаду ў 1304 годзе. Марта была каранаваная ў 1302 годзе, аднак ужо ў 1306 годзе браты караля адабралі сапраўдную ўладу ў мужа і жонкі[4]. Марта адправіла свайго сына і спадчынніка да брата і нявестцы, сястры яе мужа, каралю і каралеве Даніі.
У шведскай «Хроніцы Эрыка» Марта апісваецца як крыважэрная каралева. Падчас другога канфлікту мужа з яго братамі-герцагамі, каралеўская пара запрасіла іх на вялікія святы ў Нючэпінге, падчас якіх герцагі былі схоплены[6], заключаны і замараны голадам[4]. Марта, заяўляла, што любіць іх як родных, аднак на свяце выглядала як ніколі шчаслівай, пры гэтым ведаючы, што ім прыгатавана[6]. Яе весялосць была ўспрынятая як радасць ад маючай адбыцца помсты герцагам[6]. Мяркуецца, што каралева Марта прыдумала гэты план разам з міністрам Іаганам Брунковым[6].
У 1318 годзе яе муж быў скінуты, а Нючэпінгскі замак захоплены[4]. Марта бегла да свайго брата ў Данію, дзе правяла большую частку астатняга жыцця. Неўзабаве да яе далучыўся яе муж. Яна аўдавела ў 1321 годзе[4], перажыла смерць брата ў 1319 годзе і забойства сына ў 1320 годзе. У 1326—1329 гадах у Германіі яна вяла перамовы аб шлюбе сваіх дачок. Апошнія гады жыцця Марта правяла манашкай у манастыры Святога Пятра ў Нестведзе. Яна была пахавана ў царкве Святога Бента ў Рынгстэдзе.