wd wp Пошук:

Марапу

Ахвярапрынашэнне на востраве Сумба, першая палова XX ст.

Мара́пу (сумба: marafu, літаральна “звышнатуральнае”) — сістэма рэлігійных вераванняў народа сумба з вострава Сумба ў Інданезіі. Для яе характэрны спалучэнне монатэізма з анімізмам і культам продкаў.

Паходжанне

У аснове марапу палягаюць старажытныя анімістычныя і пахавальныя культы, прынесеныя на Сумбу аўстранезійцамі. Аб іх існаванні сведчаць мегалітычныя пабудовы, накшталт Анакаланга[1], што ўзводзіліся для шанавання продкаў. Акрамя таго, на фарміраванне сучасных рэлігійных уяўленняў маглі паўплываць яванскі індуізм, іслам і хрысціянства.

Вераванні

Прыхільнікі марапу вераць у існаванне бога-стваральніка сусвету, якога называюць Мавулу Тау-Тау Маджыі[2]. Аднак, згодна іх уяўленням, ён не прымае актыўны ўдзел у зямным жыцці і мала ўплывае на жыццё людзей. Таму марапу ўспрымаецца як сістэма пасродніцтва паміж чалавекам і богам, а таксама як філасофія і лад жыцця.

У сваю чаргу, чалавек разглядаецца ў марапу як натуральная частка сусвету. Існуе сістэма маральных абавязкаў і паводзінаў нуку-хара, якой павінны прытрымлівацца людзі, каб не парушыць баланс у прыродзе. Прыхільнікі марапу таксама вераць у шматлікіх духаў, што насяляюць навакольную прастору. Асабліва важным з’яўляецца шанаванне продкаў.

Рытуалы

Рытуалы марапу шчыльна звязаны з паўседзённым жыццём, якое канцэнтруецца вакол сям’і і рода[3]. Кожная сям’я мае рытуальныя месцы для шанавання духаў продкаў, акрамя таго існуе звычай захавання рэліквій продкаў у доме. Акрамя таго, рэлігійны характар маюць сумесныя святы[4]пасола, што суправаджаецца бойкай на дзідах, пахавальныя цырымоніі, у тым ліку штогадовая вула-поду, ачышчальныя дні біджалунгу хіўпаана і парунга таліянг.

Сямейныя рытуалы арганізуюць старэйшыны, аднак вылучаецца невялікі пласт “пасроднікаў” — людзей, што найчасцей праводзяць сумесныя цырымоніі, практыкуюць шаманізм, фактычна выконваюць функцыі святароў.

Зноскі

  1. Ron Adams, The Megalithic Tradition of West Sumba. Simon Fraser University, 2004
  2. MARAPU: ANCESTRAL BELIEF OF SUMBA
  3. The People and their Culture Архівавана 2 мая 2016.
  4. PASOLA, FUNERAL CEREMONY, MARAPU RELIGION OF SUMBA Архівавана 3 кастрычніка 2014.
Тэмы гэтай старонкі (1):
Катэгорыя·Нацыянальныя і этнічныя рэлігіі