Малкальм Морлі (англ.: Malcolm A. Morley; 7 чэрвеня 1931, Лондан, Вялікабрытанія — 1 чэрвеня 2018, Нью-Ёрк, ЗША) — брытана-амерыканскі мастак. Вядомы як прадстаўнік фотарэалізму і экспрэсіянізму і заснавальнік некалькіх новых стыляў жывапісу.
У 1957 годзе Морлі пабываў у Нью-Ёрку, які ў той час быў буйным цэнтрам заходняга мастацтва. На наступны год ён пераехаў туды на сталае месца жыхарства. Сярод яго знаёмых былі такія мастакі як Барнет Ньюман, Сай Твомблі, Рой Ліхтэнштэйн і Эндзі Уорхал. У 1964 годзе ў галерэі Корнблі адбылася першая персанальная выстава Морлі, арганізаваная ў тым ліку па патрабаванні арт-дылера Івана Карпа, які меў рэпутацыю адкрывальніка талентаў і працаваў на легендарнага арт-дылера Леа Кастэлі.
У сярэдзіне 1960-х гадоў Морлі кароткі час выкладаў ва Універсітэце штата Агая, а затым вярнуўся ў Нью-Ёрк, дзе з 1967 па 1969 год працаваў у Школе візуальных мастацтваў, а затым з 1970 па 1974 год — ва Універсітэце Стоуні-Брук.
Персанальныя выставы Морлі праходзілі ў Clocktower Gallery, Інстытуце мастацтва і гарадскіх рэсурсаў (1976), галерэі Нэнсі Хофман (1979) і галерэі Стэфаноці (1979). У 1972 і 1977 гадах ён таксама прыняў удзел у буйной міжнароднай выставе Documenta у Каселі, а ў 1985 — у найстарэйшай амерыканскай выставе сучаснага мастацтва Carnegie International.
Галерэя «Уайтчэпел» у Лондане арганізавала буйную рэтраспектыўную выставу прац Морлі ў 1983 годзе, у выніку ён стаў уладальнікам толькі што заснаванай прэміі Цёрнера 1984 года, якая прысуджаецца галерэяй Тэйт.