МАЗ-365022МАЗ-365022 на Вікісховішчы
Агульныя даныя
Вытворца: | Мінскі аўтамабільны завод |
Выпуск: | 2019—цяперашні час |
Зборка: | Брэсцкі машынабудаўнічы завод |
Тып(ы) кузавы: | Цэльнаметалічны фургон |
Звязаныя: | JAC Sunray |
Падобныя мадэлі: | МАЗ-281 |
МАЗ-365022 — беларускі малатанажны грузавы аўтамабіль (грузавы фургон). Ліцэнзійная версія кітайскай мадэлі JAC Sunray. Афіцыйны дэбют адбыўся ў маі 2019 года[1]. У чэрвені 2022 года на рынак выпусцілі аблегчаную машыну (дазволеная маса — 3,5 тоны)[2].
Зборка ажыццяўляецца на Брэсцкім машынабудаўнічым заводзе (уваходзіць у холдынг «БелаўтаМАЗ») з машынакамплектаў кампаніі JAC Motors. Зборка мікрааўтобусаў і фургонаў буйнавузлавая, вядзецца паставым метадам: кузаў падымаецца на адмысловым пад’ёмніку, пасля ўсталёўваецца сілавы агрэгат, мацуюцца элементы трансмісіі, падвескі, масты, колы.
Станам на верасень 2021 года з канвеера сышлі 80 грузавых і 13 грузапасажырскіх аўтамабіляў[3].
Кузаў — паўкапотнай кампаноўкі, суцэльнаметалічны з інтэграванай рамай. Колькасць месцаў для сядзення — 3. Заднія дзверы — двухстворкавыя, бакавыя — ссоўныя. Габарытныя памеры: даўжыня — 6000 мм; шырыня — 2100 мм; вышыня — 2800 мм. Колавая база — 3570 мм. Аб’ём грузавога адсека — 12,2 куб.м. Аб’ём паліўнага бака — 80 л, бака для AdBlue — 16 л.
У базавую камплектацыю ўваходзяць кандыцыянер, круіз кантроль, задні парктронік, электрычныя шклопад’ёмнікі, электрапрывад люстэркаў, цэнтральны замок, МР3-магнітола.
Аўтамабіль абсталёўваецца радным чатырохцыліндравым дызельным рухавіком JAC HFC4DE1-1D з турбанаддзіманнем. Рабочы аб’ём цыліндраў — 2746 куб.см; магутнасць — 149,5 к.с. пры 3200 аб/хв; максімальны круцільны момант — 355,0 Нм пры 1800-2600 аб/хв. Сістэма сілкавання — упырск паліва пад ціскам (Bosch). Нагнятальнік — Holset HE200. Экалагічны клас — Еўра-5. Сістэма выпуску — з адным глушыцелем і сістэмай нейтралізацыі адпрацаваных газаў SCR. Рухавік размешчаны спераду падоўжна.
Каробка перадач — механічная, 6-ступеньчатая, JAC LC6T32 або ZOMAX/ZM6T82. Колавая формула — 4х2. Прывад — задні.
Пярэдняя падвеска — незалежная спружынная, з папярочнымі рычагамі, амартызатарамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці; задняя — залежная рысорная, з амартызатарамі і стабілізатарам папярочнай устойлівасці.
Рулявое кіраванне — з гідраўзмацняльнікам.
Працоўная тармазная сістэма двухконтурная, з гідраўлічным прывадам і падзелам на контуры пярэдняй і задняй восяў, з ABS і сістэмай размеркавання тармазнога высілка (EBD). Тармазныя механізмы: спераду — дыскавыя; ззаду — барабанныя. Шыны — 185/75 R16C.
Мадыфікацыі з максімальнай дазволенай масай 3,5 тоны маюць аднаскатныя заднія колы. Каляіна пярэдніх і задніх колаў аднолькавая — 1760 мм. Шыны — 215/75R16C або 215/75R16LT. Тормазы — дыскавыя і спераду, і ззаду. Дадаткова абсталяваныя сістэмай курсавой устойлівасці.