wd wp Пошук:

Лясны свірстун

Лясны свірстун, конік лясны (Anthus trivialis) — від птушак з сямейства сітаўкавых.

Апісанне

Даўжыня цела да 16 см, размах крылаў 25-27 см; драбнейшы і зграбнейшы за вераб’я. Верх буравата-шэры, з чарнява-бурымі стракацінамі. Ніз светла-вохрысты. На грудзях і баках цёмныя стракаціны, крайнія рулявыя белыя. Ногі цялесна-ружовыя; кіпцюр задняга пальца кароткі.

Вельмi характэрныя токавы палёт i спевы.

Пашырэнне

Арэал: Еўропа (акрамя Iсландыi, паўднёвай часткi Пiрэнейскага п-ва, астравоў Мiжземнага мора i крайняй паўночна-ўсходняй часткi), паўночная частка Малой Азii, Каўказ, Заходняя i Цэнтральная Азiя да Байкала i вярхоўяў Калымы, на подні — да паўночнай часткі Iрана i паўночна-заходніх адгор’яў Гiмалаяў.

Пералётны. Месца зiмовак: Крыт i астравы Эгейскага мора, Малая Азiя, поўдзень Iрана, Блізкі Усход, узбярэжжа Персідскага заліва, верагодна, поўнач Ірана, Iндыя, Паўночная i Трапiчная Афрыка (ад берагоў Гвінеі да Эфіопіі на ўсход і да Трансваалю і Наталю на поўдні).

Насяляе рэдкiя i добра асветленыя сухiя тыпы дрэвастояў (часцей хвойныя лясы, чым лiсцевыя, асаблiва iх ускрайкi i паляны), сухiя адкрытыя мясцiны з групамi дрэў i кустоў, лесапалосы, высокiя жывыя агароджы, бярэзнiкi, маладыя ельнiкi (да 1 м) i нават (на поўначы) спелыя бары са слаба развiтым подсцiлам. У гарах даходзiць да верхняй мяжы лясоў: у Татрах (сярод горнай сасны) — да 1600 м, у Альпах — 2300 м, у Азербайджане — 2500 м. У час пералётаў можа сустракацца на бязлесных месцах. На Беларусі шматлікі на гнездаванні пералётны і транзітна мігрыруючы від.

Асаблівасці біялогіі

Гняздо ладзіць на зямлi ў ямцы на плоскiм месцы або невялiкiм пагорку, пад прыкрыццем травянiстай раслiннасцi цi без заслоны, шчыльнае, краi гнязда роўныя з зямлёй. Вузкi знешнi слой i высцiлка з лiстоў сухой травы, каранёў i радзей валосся. Дыяметр 9-12 см.

Яйкi 4-6 (часам 2-8) звычайна асiметрычныя, з вострым вузейшым канцом. Афарбоўка вельмi зменлiвая. Часцей за ўсё: светла-шэра-карычневыя з дробнымi i густымi шэра-карычневымi або чорна-карычневымi плямкамi; шэра-блакiтныя са светла- або цёмна-шэрымi плямкамi; ружова-карычневыя са светлымi або цёмнымi карычнева-вiшнёвымi плямкамi; алiўкава-шэрыя са светла- i цёмна-шэрымi. Плямкi глыбокія і паверхневыя аднаго i таго ж колеру i адрознiваюцца толькi iнтэнсiўнасцю афарбоўкi (паверхневыя звычайна цямнейшыя). Яны могуць канцэнтравацца на шырэйшым канцы. Можна таксама сустрэць яйкi без плям i мазкоў — блакiтныя або цёмна-карычневыя. Памеры: 20,5 х 15,5 мм.

Падвiды

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (4):
Катэгорыя·Сітаўкавыя
Катэгорыя·Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе
Катэгорыя·Віды па-за небяспекай
Катэгорыя·Жывёлы паводле алфавіта