Луіджы Паніцоні (італ.: Luigi Panizzoni, польск.: Aloyzy Panizzoni лац.: Aloyzius Panizzoni; 11 верасня 1729, Вічэнца — 11 жніўня 1820, Рым[1]) — дзеяч каталіцкага касцёла і Ордэна езуітаў, педагог.
Уступіў у Таварыства Ісуса 3 лістапада 1745 г. у Рыме. Пасля высвячэння на ксяндза выкладаў у езуіцкіх калегіумах у Ларэта (філасофія) і Прата (матэматыка)[2]. Выдаў падручнік па геаметрыі[1].
У 1783 г. пераехаў на Беларусь. Прэфект бібліятэкі Полацкага езуіцкага калегіума (1784—1785), сакратар беларускіх правінцыялаў Таварыства Ісуса Францішка Караў і Францішка Любавіцкага (1785—1789)[1]. Пераклаў з італьянскай мовы на лаціну і выдаў у Полацку працу Паскуале Дэ Матэі (1705—1779) Piissima praxis in honorem S. Ignatii Lojolae, Fundatoris Societatis Jesu: tum decem Dominicis tum novem diebus eius festum praecedentibus ipsoque die festo absolvenda (1790). Цягам ХІХ ст. гэтая кніга некалькі разоў перавыдавалася ў розных краінах Еўропы[3]. У 1789 г. пераведзены ў Дынабург, дзе быў інструктарам ІІІ прабацыі (1789—1791, 1792—1793), прэфектам бібліятэкі (1791—1792) і духоўнікам (1793)[1].
У снежні 1793 г. разам Антоніа Месераці і Бернардзіна Скардыяло быў накіраваны генеральным вікарыям Габрыэлем Лянкевічам у Парму, дзе пад патранатам герцага Фердынанда І (1751—1802) мелася распачацца праца па аднаўленні Таварыства Ісуса. Спачатку ўзначальваў навіцыят, а пасля смерці А. Масераці (1796) заняў пасаду віцэ-правінцыяла. З 1811 г. — правінцыял Італіі[4]. Адыграў значную ролю ў падрыхтоўцы аднаўлення Таварыства Ісуса ва ўсім свеце. Менавіта яму 7 жніўня 1814 г. пад час урачыстай цырымоніі ў касцёле Іль-Джэзý Папа Пій VII уручыў булу Sollicitudo omnium ecclesiarum[2].