wd wp Пошук:

Лучоса

Лучоса — рака ў Лёзненскім і Віцебскім раёнах Беларусі, левы прыток Заходняй Дзвіны. Даўжыня 90 км. Вадазбор 3510 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 .

Назва

Назва Лучосы, згодна з Ул. Тапаровым, балцкага паходжання і мае аналаг у назве літоўска-латышскай ракі, таксама дзвінскага прытоку  Laukesa (па-латышску — Laucesa)[1]. Корань у гэтых гідронімах звязаны са ст.-літ. laukas «светлы, зіхоткі» і далей вядзе да індаеўрапейскага leuk- з тым жа значэннем[2].

Асноўныя прытокі

Справа: Чарніца, Сухадроўка. Злева: Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка, Абручоўка.

Агульнае

Выцякае з возера Зелянское каля аграгарадка Бабінавічы Лёзненскага раёна, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзвышша, вусце ў межах паўднёвай ускраіны Віцебска. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 6,2 м, найбольшы 9,9 м (1956). Замярзае ў канцы 1-й дэкады снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход на працягу 3-х сутак.

Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шырыня яе 400—600 м. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, больш развіта на левабярэжжы; шырыня яе 300—500 м. Рэчышча шырынёй 20—30 м, у нізоўі да 60 м.

У басейне ракі азёры Бораўна, Стрэшна, Доўгае, Дыманоўскае, Чарніца і інш.

На левым беразе ракі, каля вёскі Баронікі Віцебскага раёна знаходзіцца археалагічны помнік — гарадзішча Баронікі.

Зноскі

  1. Топоров В. Н., Трубачев О. Н. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва: Изд-во АН СССР, 1962. — С. 155, 168.
  2. A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 183.

Літаратура

Тэмы гэтай старонкі (7):
Басейн Лучосы
Артыкулы пра рэкі без даўжыні
Рэкі паводле алфавіта
Прытокі Заходняй Дзвіны
Рэкі Лёзненскага раёна
Рэкі Віцебскага раёна
Вікіпедыя:Артыкулы з пераазначэннем значэння з Вікідадзеных