Лоўрэнс Мэнлі Колберн (англ.: Lawrence Manley Colburn; 6 ліпеня 1949 — 13 снежня 2016) — вайсковец арміі ЗША, удзельнік В’етнамскай вайны. Праславіўся як адзін з выратавальнікаў, разам з Х’ю Томпсанам і Гленам Андрэота, дванаццаці жыхароў сельскай абшчыны Сангмі ад расправы амерыканскіх салдат.
Нарадзіўся ў Коўлі-Дам, штат Вашынгтон. Вырас у Маўнт-Вернане. Чатыры гады быў алтарным служкай, наведваў каталіцкую школу Беззаганнага Зачацця.
Кінуўшы сярэднюю школу, у 1966 годзе Колберн уступіў у амерыканскую армію. Яго накіравалі на стажыроўку ў Форт-Люіс, а затым у Форт-Полк. Пазней Колберн служыў у Форт-Шафтэры на Гаваях. У снежні 1967 года баец камандзіраваны ў Паўднёвы В’етнам[2]. Тут Колберн быў прызначаны ў 161-ю штурмавую верталётную роту (пазней рэарганізаваную ў 123-й авіяцыйны батальён) у званні спецыяліста 4-га класа. Ён работаў бортстралком верталёта Hiller OH-23 Raven. З ім у экіпажы былі пілот Х’ю Томпсан і бортінжынер Глен Андрэота.
16 сакавіка 1968 года, пралятаючы ў раёне сельскай абшчыны Сангмі, байцы заўважылі трупы в’етнамскіх мірных грамадзян[3]. Верталёт сеў, а экіпаж паспрабаваў высветліць, што адбываецца ў лейтэнанта Уільяма Кэлі, які кіраваў аперацыяй у гэтым раёне. Ён папрасіў іх не ўмешвацца[4]. Тады верталёт вярнуўся ў неба, але вайскоўцы заўважылі в’етнамцаў, што ўцякалі ад салдат[5]. Машына села паміж мірнымі жыхарамі і амерыканцамі. Андрэота і Колберн узялі на прыцэл вайскоўцаў, не даючы ім наблізіцца да сялян. У гэты час Томпсан выклікаў верталёты для эвакуацыі в’етнамцаў.
Пасля вывазу выратаваных жыхароў Сангмі верталёт вярнуўся на базу. Члены экіпажа паведамілі пра інцыдэнт свайму кіраўніцтву, якое неадкладна адклікала падраздзяленне Кэлі з аперацыі.
Амерыканскім камандзірам спачатку ўдалося схаваць гэтую разню. Аднак усе ж інфармацыя аб здарэнні пратачылася ў СМІ, а ўлады пачалі расследаванне падзей. 20 снежня 1969 года свае паказанні следству даў і Колберн[6].
У 1970 годзе ён сыходзіць з арміі. На грамадзянцы былы вайсковец адкрыў дзве канторы: адну па рамонце лыж у Арэгоне, другую па продажу артапедычнага рэабілітацыйнага абсталявання ў Атланце.
Колберн памёр 13 снежня 2016 года ад раку ва ўзросце 67[7][8][9][10].
За свае дзеянні ў Сангмі а Колберн атрымаў Бронзавую зорку[11].
У 1998 годзе, праз трыццаць гадоў пасля падзей у Сангмі, усе тры члены экіпажа яго верталёта былі ўзнагароджаны Салдацкімі медалямі — вышэйшай узнагародай арміі ЗША за дзеянні ў небоевой абстаноўцы. Бортінжынер Андрэота — пасмяротна, так як той загінуў у В’етнаме 8 красавіка 1968 года[12]. Таксама Томпсан і Колберн у другі раз наведалі В’етнам, дзе сустрэліся з некалькімі выратаванымі імі в’етнамцамі[13], у тым ліку з жанчынамі Тхі Нхунг і Фам Тхі Нхань[14].
4 ліпеня 1999 года Колберн і Томпсан былі ўдастоены прэміі Абацтва міру «за мужнасць сумлення»[15].
Да службы ў арміі ыў са сваім бацькам (ветэранам-падрадчыкам Другой сусветнай вайны), маці і трыма сёстрамі. Пасля вайны Колберн ажаніўся. У яго нарадзіўся сын Конэр.