Ларэта Асанавічуце (літ.: Loreta Asanavičiūtė, 22 красавіка 1967, Вільня, Літоўская ССР, СССР − 13 студзеня 1991, Вільня, Літва) − удзельніца літоўскай вызваленчай барацьбы ў 1991 годзе, першая ахвяра і адзіная жанчына сярод забітых падчас штурма Вільнюскага тэлецэнтра спецпадраздзяленнем «Альфа».
Нарадзілася 22 красавіка 1967 года ў Вільні ў сям’і Сцяпаса і Стасі Асанавічусаў была трэцім дзіцём у сям’і, мела старэйшых брата Бронюса і сястру Рэнату. У 1982 годзе скончыла 8 класаў і ўладкавалася на Аўшрайскую фабрыку вучаніцай швачкі; з 1983 г. працавала швачкай у аб’яднанні «Dovana»[1].
Паралельна з працай навучылася ў Віленскай вячэрняй школе № 1, якую скончыла ў 1985 годзе. У 1988 годзе паступіла ў Віленскі фінансавы тэхнікум, які скончыла ў 1990 годзе па спецыяльнасці бухгалтарка. Падчас вучобы ў школе захаплялася літоўскімі народнымі песнямі і танцамі, удзельнічала ў самадзейнасці. З 1986 года была ўдзельніцай фальклорнага ансамбля аб’яднання «Dovana», дзе і працавала[2].
23 жніўня 1989 года ўдзельнічаў у гістарычным «Балтыйскім шляху», прысвечаным 50-годдзю Пакта Молатава-Рыбентропа.
13 студзеня 1991 года памёрла ў Вільні. Абараняючы незалежнасць Літвы, разам з іншымі віленчукамі яна стаяла на варце Тэлевізійнай вежы, абараняючы яе ад захопу. Была расціснута танкам савецкага войска. Памерла ў шпіталі Чырвонага Крыжа ад атрыманых раненняў[3].
16 студзеня 1991 года была пахавана разам з іншымі ахвярамі 13 студзеня на Антокальскіх могілках у Вільні[4].
15 студзеня 1991 года за гераічную мужнасць і стойкасць, праяўленыя пры абароне свабоды і незалежнасці Літвы, пасмяротна ўзнагароджаная ордэнам Крыжа Віціса 1-й ступені[5].
Адна з віленскіх вуліц у Каралінішках носіць імя Ларэты Асанавічуце. На сцяне дому, дзе жыла Ларэта Асанавічуце, вісіць мемарыяльная дошка ў памяць гераіні[6].