Лазні Рудзіеўскага (або Цэнтральныя лазні) — грамадская лазня ў Гомелі канца ХІХ — пачатку 40-х гг. ХХ ст.
Трохпавярховы будынак лазні ўзведзены ў 1898 г. на вуліцы Фельдмаршальскай. Архітэктурна быў вырашыны ў цагляным стылі. Лазня стала адной з першых электрыфікаваных грамадскіх устаноў Гомеля[1]. Забор вады здзяйсняўся з ракі Сож пры дапамозе вадакачкі, якая месцілася ў яры ад вуліцы Князя Паскевіча. Уладкаванне лазні было падпарадкавана саслоўнаму грамадскаму падзелу: у цэнтральнай частцы будынка знаходзілася дваранскае аддзяленне, у правым крыле — агульнае мужчынскае, а ў левым, верагодна — агульнае жаночае[2].
Ацяпленне ажыццяўлялася не заўсёды з выканнем правіл бяспекі. У студзені 1911 г. паведамлялася, што некалькі чалавек (у т. л., рабін з сынам) так моцна ўчадзелі падчас мыцця, што толькі «вялікімі намаганнямі атрымалася іх прывесці да прытомнасці»[3]. Часам нараканні выклікаў і санітарны стан лазні. Напрыклад, прыезджы на кірмаш камерсант у пачатку таго ж года скардзіўся, што пасля купання «з меркаванняў эканоміі» яму паднеслі мокрую прасціну «кагадзе кінутую адным спадаром»[4]. Здараліся і парушэнні пажарнай бяспекі. Так, увесну 1911 г. «загарэлася сажа ў люку, адкуль агонь перайшоў на дах будынка». Пажар быў лакалізаваны дзвюма пажарнымі дружынамі[5].
Асноўная назва паходзіць, відаць, ад прозвішча першага ўладальніка. Яго напісанне ў дарэформеннай рускай арфаграфіі адрозніваецца ў розных крыніцах: «Рудзіевскій» і «Рудзѣевскій»[6][7]. На 1910 г. ўстанова значылася як «былая лазня Рудзіеўскага»[6].
З усталяваннем савецкай улады лазня канфіскавана на патрэбы вайсковых часцей. У 1920-я гг. перададзена камунальнаму трэсту, але доўгі час не працавала, бо падлягала рамонту. Станам на 1927 г. з’яўлялася адзінай грамадскай лазняй Гомеля, што для горада лічылася недастатковым, нягледзячы нават на нізкую яе наведальнасць — у сярэднім на кожнага жыхара прыпадала па два-тры наведання лазні за год, тады як лазня «па сваім памеры» дазваляла «кожнаму карыстацца ёю да 5 разоў на год»[8]. Прапусканая здольнасць лазні ацэньвалася ў 1 тыс. чалавек за дзень пры 245 працоўных днях за год. На той час лазня складалася з агульнага аддзялення і нумароў, якія аплочваліся па адрозных тарыфах[9].
Пасля аднаўлення лазня функцыянавала да пачатку баявых дзеянняў 1941 г. Будынак быў істотна пашкоджаны падчас аднаго з авіяналётаў і пасля вайны не аднаўляўся[1].