Лазні Лагорыа — грамадская лазня ў Гомелі канца ХІХ — пачатку ХХ ст.
Знаходзілася на вуліцы Мільённай (гістарычны раён Свісток) каля Баярскага спуску. Забор вады здзяйсняўся з ракі Сож, дзякуючы гарадской вадаправоднай станцыі, што знаходзілася на ніжняй набярэжнай каля параходных прыстаней[1][2]. Дакладны год пабудовы невядомы. Станам на 1894 г. ужо існавала, будучы ў арэндзе прадпрымальніка Шнеерава[3].
Назва паходзіць, відаць, ад прозвішча ўладальніка. У дарэформеннай рускай арфаграфіі яно перадавалася як «Лагоріо»[1][2]. Даведнікі пачатку ХХ ст. фіксуюць наяўнасць на вуліцы Мільённая дома Лагорыа, дзе здавалася жыллё некаторым чыноўнікам[4]. Магчыма, што гаспадаром дома і лазні быў інжынер А. К. Лагорыа, гласны гомельскай гарадской думы (з 1889 г.)[5].
Была адной з дзвюх грамадскіх лазняў Гомеля «даваеннага часу», г. зн. перад Першай сусветнай вайной[6]. Уладкаванне лазні было падпарадкавана саслоўнаму грамадскаму падзелу. Але па панядзелках і серадах дваранскае аддзяленне працавала як жаночае. Мыццё ў «сярэднім» мужчынскім аддзяленні каштавала 12 капеек. У верасні 1911 г. адзін з наведнікаў «сярэдняга» аддзялення скарадзіўся на ўмовы ў ім: «Маленькае бруднае памяшканне, замест падлогі насланыя нейкія дошкі, і сцены ўкрытыя суцэльным слоем сырасці. Акрамя ўсяго гэтага, наведнікі рызыкуюць захварэць, бо тут жа ўваходныя дзверы, і міжволі ўсіх працінаюць дрыжыкі, нават адзетых»[7]. Таксама ён скардзіўся на цеснасту «пакоя для адзявання» і адсутнасць пары ў маленькай парыльні. У кастрычніку таго ж года ў лазні здарыўся пажар: «ад няспраўнага стану печкі» загарэлася столь. Пашырэнне агню было спынена «дзякуючы дружнай рабоце пажарных каманд»[8]. Праз некалькі тыдняў паведамлялася аб заканчэнні рамонту лазні, абяцалася «маса зручнасцей» і выкарыстанне артэзінскай вады[9].
У 1920-я гг. лазня ўжо не працавала[6]. На яе месцы сёння знаходзіцца будынак Гомельскага абласнога ўпраўлення капітальнага будаўніцтва.